Прыйшоў час кожнаму з нас успомніць свае карані

Рака Беседзь падчас разлiву

У кожнага чалавека, які нарадзіўся на гэты свет, ёсць свой выток —  бацькоўскі дом, дзе закопана твая пупавіна, дзе над калыскай спявала калыханку родная матуля. Тут вучылі нас быць чулымі і вернымі, адсюль мы пайшлі ў вялікае жыццё.

У малой радзімы вялікая сіла прыцягнення. Ідзе б ні жыў чалавек, яго заўсёды прыцягваюць і тая рачулка, дзе калісьці лавілі карасікаў, і сенакосныя лугі, што пахлі мёдам, і жытнія палеткі, дзе працавалі да мазалёў твае бацькі.

Родны кут! Нізкі зямны паклон табе! Здаля мы спяшаемся да цябе, каб па-дзіцячы прытуліцца да роднай зямлі, нібы да сваёй мілай матулечкі, напіцца гаючай вадзіцы з тваёй чыстай крыніцы, паслухаць на досвітку песню жаваранкаў.

У жыхароў вёскі Старое Закружжа няма ўжо такой магчымасці. Пасля чарнобыльскай бяды наша вёска знікла з геаграфічнай карты Веткаўшчыны, а яе жыхары — мае землякі — разляцеліся хто куды.

Мілае Закружжа! Колькі ў маім сэрцы тут нарадзілася мар! Да апошніх дзён мне ніколі не забыць шчаслівы край майго дзяцінства, былых сябровак, аднагодкаў, той далёкі бераг цудоўнага юнацтва.

Ніхто з маіх аднавяскоўцаў тады, у 1986 годзе,  і падумаць нават не мог, што лёс раскідае нас па ўсёй зямлі, што родная вёска зусім знікне…

Сёння, калі праехаць некалькі кіламетраў ад Веткі, на шляху толькі і паяўляюцца забароненыя знакі, ад чаго горкі клубок падступае да горла…

Бацькоўская хата… Цяжка ўявіць сабе, што тут, дзе зараз сівее, раскашуецца палын ды быльнеч, некалі стаяў наш дом. Цяпер гэта — паўразбураны падмурак з цаглін. На былым двары можна ўбачыць страціўшыя прыгоднасць хатнія рэчы, такія знаёмыя да болю.

Як і раней, зноў хочацца ляцець да роднай вёскі, па сялянскай звычцы сесці за столік разам з маці, выпіць сырадою, адпачыць ад трывог і дарог, развеяць свой сум і страх.

Старое Закружжа — гэта адзіны куточак на зямлі, дзе я чую галасы сваіх продкаў. Пасля адсялення многія землякі пажадалі, каб іх пахавалі тут, на малой радзіме. Кожны год на Радаўніцу, у каго хапае сілы, сустракаемся, каб нізка пакланіцца памяці блізкіх людей, землякоў і родным мясцінам.

Гэты год аб’яўлены Годам малой радзімы. У сувязі з гэтым на старонках газет можна ўбачыць фотаздымкі, на якіх аўтар адлюстраваў славутыя мясціны сваёй малой радзімы.

На жаль, нашы родныя мясціны — гэта непрарэджаны змарнелы вішняк, пакручаныя, з паламанымі галінкамі адзічалыя яблыні і грушы сярод непралазнага хмызняку. Не дабрацца I да таго месца, дзе кожнага з нас радаваў сваёй прыгажосцю закружскі парк з ліпавымі алеямі, сажалкай, вакол якой стаялі ў ціхім задуменні векавыя дрэвы. Даўно засохла сажалка, зарасла дзікім хмызняком.

Цяпер толькі ў снах можна вярнуцца на востраў дзіцячых надзей, прайсціся па галоўнай вуліцы Н. Крупскай, сустрэцца з тымі, хто назаўсёды застаўся ў тваім сэрцы разам з незабытым дзяцінствам.

Нашчадкі, шануйце святую нашу Беларусь, мову Коласа і Купалы. Прыйшоў час кожнаму з нас не толькі ўспомніць свае карані, свае родныя мясціны, дзе засталася часцінка тваёй душы, але і вярнуць доўг гэтаму куточку зямлі. Трэба кожнаму з нас, мае землякі, зрабіць усё, каб не аддаць забыццю…гісторыю вёскі Старое Закружжа. Дапамога розная. Галоўнае, каб усё было ад душы. З майго боку я зрабіла, што магла, каб  увекавечыць памяць роднай вёскі. Мабыць, калі-небудзь настане той час, калі наляцяць цёплыя красавіцкія вятры, разгоняць злыя, цёмныя хмары, знікне тая  радыяцыя… Вернуцца нашчадкі на зямлю сваіх продкаў. Зноў  зазелянеюць  вуліцы, зацвітуць сады, зашчабечуць птушкі, зазвініць дзіцячы смех. А вёсцы, мабыць, дадуць назву — Новае Закружжа. Абавязкова прыляцяць буслы. Сваім радасным клёкатаннем  дадуць зразумець, што жыццё вяртаецца.

Да новых сустрэч! З пажаданнямі здароўя, поспехаў і дабра звяртаюся да вас я, Валянціна Басячэнка-Лістападава.

Comments (0)
Add Comment