Вельмі дакладна вызначыла значнасць гэтай падзеі Ірына Дубянецкая — беларускі бібліст, філосаф (яна — адна з удзельніц перакладчыцкай групы, якая ў бліжэйшы час плануе выдаць чатыры першыя раздзелы Кнігі Роду (Пяцікніжжа) на беларускай мове): “6 жніўня 1517 году — у Дзень Перамянення Гасподняга — Францішак Скарына абвясціў Перамяненне для свайго народу: ён даў сваёй краіне друкаваную кнігу і тым самым улучыў яе ў еўрапейскія цывілізаваныя зрухі, і, больш за тое, ён даў сваім людзям Біблію — асноўны аб’яднаўчы тэкст Заходняга свету — на мове, набліжанай да народнай, і тым самым паставіў сваю культуру на самы перад тых цывілізаваных зрухаў”.
“Сімвалы роднай зямлі; да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”, — святочныя сустрэчы пад такой назвай адбыліся ў гэтым годзе ў СШ №1 г. Веткі, гімназіі, а таксама ў Неглюбскай СШ. Яны — адны з многіх, якія праводзяць супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава для выхаванцаў дзіцячых дашкольных устаноў, вучняў г. Веткі і раёна, асобных навучальных устаноў г. Гомеля.
На працягу амаль трыццаці гадоў пры музеі дзейнічае Школа старажытнай і сучаснай народнай культуры “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!” (па матэрыялах мясцовых традыцый). Паводле праграмы, штогод прадугледжваецца правядзенне трох музейна-педагагічных заняткаў для кожнага асобнага класа (усяго налічваецца больш трыццаці тэмаў). Падчас правядзення заняткаў (у часе якіх адбываюцца выставы, майстар-класы) вучні рознага ўзросту знаёмяцца з духоўнай і матэрыяльнай культурай нашага рэгіёна, у тым ліку — з традыцыйнымі абрадамі, уяўленнямі пра навакольны свет. Тканыя і вышытыя ручнікі, іконы, рукапісныя, друкаваныя кнігі, якія захоўваюцца ў фондах музея, экспазіцыях, ды многія іншыя экспанаты становяцца “ўдзельнікамі” творчых сустрэч.
Я пачынала размову з пытанняў: “Што вы ведаеце пра Францыска Скарыну?”— “Ён — самы вядомы беларус”, “Полацк — родны горад Францыска Скарыны”, “Ён друкаваў кнігі, каб іх маглі прачытаць простыя людзі”, — гучалі адказы дзяцей.
Падчас сустрэч вучні даведаліся пра цікавыя моманты ў жыцці Францыска Скарыны: пра яго далёкія вандроўкі за межы роднай зямлі, пра вучобу ў Падуанскім і Кракаўскім універсітэтах, пра вялікую працу, зробленую дзеля суайчыннікаў.
Беларускую мову ў першай гарадской школе, як і ва ўсіх іншых школах Беларусі з рускай мовай навучання, дзеці пачынаюць вывучаць у другім класе. Хлопчыкі і дзяўчынкі 2 “А” класа СШ №1 старанна перапісалі ў свае сшыткі знакамітыя словы Францыска Скарыны, сказаныя ім у “Прадмове” да кнігі “Юдзіф”, адной з кніг Бібліі, пераствораныя са старабеларускай мовы на сучасную паэтам Алесем Разанавым:
“Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае, і як пчолы бароняць вуллі свае, гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць.” Знакаміты палачанін у кожнай друкаванай ім кнізе згадваў пра сваё паходжанне, з вялікай павагай да роднага месца пазначаў, што кніга “выкладзена доктарам Францыскам Скарынам са слаўнага горада Полацка”.
Вядома, што Францыск Скарына добра ведаў лацінскую, на якой у той час вялося навучанне, а таксама некалькі еўрапейскіх моў, з якіх рабіў пераклады.
У мінулым годзе ў Беларусі з’явілася кніга “Францыск Скарына на мовах свету”, у якой прадстаўлены пераклады вышэйзгаданых радкоў Скарыны аж на 34 мовы свету. Вучні з цікавасцю разглядвалі тэксты перакладаў ў гэтым выданні. Перагортвалі старонкі друкаванай кнігі “Псалтыр” (ХIХ ст.), якая захоўваецца ў фондах Веткаўскага музея. Гэтую кнігу на працягу двух мінулых стагоддзяў чыталі жыхары Веткі, часам пакідаючы на яе старонках запісы. Вось некаторыя з іх: “1904 года января 30 го… Подъ трёхъ святителей преставился … отец Никола ветковской покровской церкви священникъ половина восьмова вечера”, “умерла Ксеня 1999 год 17 мая… умер Антип 1970 г. 6 февраля”, “Представился Рабъ Божий Трофимъ 1984 го юня 23 на святые Агрипины” і г.д.
Друкаваннем кнігі “Псалтыр” 6 жніўня 1517 года ў Празе распачаўся летапіс беларускага і, разам з тым, усходнеславянскага кнігадрукавання. Найстарэйшы творчы саюз Беларусі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, а таксама МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў мінулым годзе распачалі кампанію “Пяцісотгоднасць”, якая працягваецца і ў гэтым годзе. Юбілей беларускага кнігадрукавання святкуецца на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні. Многія беларусы ўсцешаны радаснай навіной: не так даўно Белгазпрамбанк набыў “Малую падарожную кніжку”, надрукаваную Францыскам Скарынам каля 1522 года ў Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Францыск Скарына друкаваў гэтую кнігу ва ўласнай друкарні, якая знаходзілася ў доме Якуба Бабіча, кіраўніка Віленскага магістрата.
Падчас сустрэч з вучнямі экспанавалася “Кніга быцця”, том 1 — адна з шэрагу кніг факсімільнага ўзнаўлення “Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны”, выдадзеная Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў Мінску ў 2013 годзе да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Звярталася ўвага на наступны цікавы факт. Вядомыя на сённяшні дзень экзэмпляры Кнігі Быцця, надрукаваныя Францыскам Скарынам, захоўваюцца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук, Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, Дзяржаўным гістарычным музеі, Дзяржаўным Уладзіміра-Суздальскім гісторыка-архітэктурным і мастацкім музеі-запаведніку, Цюменскім абласным краязнаўчым музеі імя І.Я. Слаўцова (усе — Расійская Федэрацыя), Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вярнадскага, Адэскай нацыянальнай бібліятэцы імя М. Горкага, Нацыянальным музеі імя А. Шаптыцкага (усе — Украіна), Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве (Польшча) і Верхнялужыцкай навуковай бібліятэцы ў Гёрліцы (Германія). Тыраж выдання невядомы, але ён наўрад ці перавышаў 1000 экзэмпляраў. (Паводле ўступнага артыкула “Кніга Быцця” Галіны Кірэевай, Аляксандра Сушы да вышэйпазначанага выдання.)
Па словах дырэктара Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, у Беларусі знаходзіцца 28 кніг, надрукаваных Францыскам Скарынам. “Кантрольны пакет”… належыць Расіі — у яе бібліятэках і музеях больш 300 экзэмпляраў. 47 кніг — на Украіне. А ўсяго ў свеце мы налічылі 520 экзэмпляраў кніг Скарыны” (Паводле арт. Надзеі Белахвосцік “За кнігай Скарыны мы палявалі 10 гадоў!”, газ. “Комсомольская правда”, 4.03.2017).
Многія з вучняў Неглюбскай сярэдняй школы ўмеюць ткаць на кроснах. Паводле школьнай праграмы, раз на тыдзень на ўроку працы настаўніца Настасся Рыгораўна Каўтунова вучыць гэтаму старажытнаму рамяству (яно ж — і мастацтва!) хлопчыкаў і дзяўчынак. Навучанне пачынаецца ў пятым і заканчваецца ў дзявятым класах.
Для неглюбскай традыцыі ткацтва характэрныя тэрміны ткацтва, якія маюць пракаветныя сакральныя сэнсы: “паткаць хрястамі”, “саджаць узоры”, “сад чаўнакоў” ды іншыя. “Ручнік тчэцца ад беражка да беражка”, — сцвярджала Настасся Іванаўна Грынькова (1930-2005 гг.), якая родам — з неглюбскага пасёлка Ляды. “Беражком” яна ды іншыя носьбіты гэтай традыцыі называла пачатак узорнага канца ручніка.
Для вучняў Неглюбскай сярэдняй школы, добра знаёмых з мясцовымі ткацкімі тэрмінамі, відаць, было добра зразумелым параўнанне Францыска Скарыны Бібліі з чарадзейнай ракой. Вучні дэкламавалі фрагмент “Прадмовы доктара Францыска Скарыны з Полацка да ўсёй рускай Бібліі (у Францыска Скарыны і яго сучаснікаў рускай называлася старабеларуская мова): [Біблія] для дзяцей і простага люду з’яўляецца навукай, а для настаўнікаў і мудрацоў дзівам. Як чарадзейная рака: [такая] плыткая, што яе і ягня можа перайсці, але і такая глыбокая, што слон мусіць плысці.
У гэтай кнізе пачатак і канец усёй прыроднай мудрасці; Бог Усемагутны пазнаецца. У гэтай кнізе запісаныя ўсе законы і правы, якімі людзі павінны кіравацца на зямлі. У гэтай кнізе знойдзеце любыя лекі для душы і цела. Тут пабожнае навучанне філасофіі, што трэба любіць Бога дзеля саміх сябе і бліжняга дзеля Бога. Тут парадак усякага людскога і любога гарадскога сходу, калі праз веру, спалучэнне любові і згоды памнажаецца грамадскае дабро. Тут дастатковы выклад сямі вызваленых навук… (Літаратурны пераклад Прадмовы на сучасную беларускую мову А.У. Бразгунова.)
Падчас сустрэч былі наладжаны невялікія выставы вышытых і тканых ручнікоў, якія захоўваюцца ў Веткаўскім музеі.
Сімваламі роднай зямлі паўстаюць адметныя назвы ўзораў ручнікоў, вытканых у вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна на пачатку ХХ стагоддзя: “якары” і “паўякары”, “лампадкі”, “Богава дарога”, “лебядзіная сцежка”, “галубіная дарожка”, “жалезныя пуці”, “святачы”, “мушкі”, “ключы”, “залато кружжа” ды іншыя назвы сакральнай духоўнай і матэрыяльнай прастораў: тыя ж “чаўны”, якія ёсць не толькі на ручніках, але і на тканых жаночых “платках”. У неглюбскай традыцыі ткацтва зафіксаваны паэтычна-парадаксальны тэрмін: “сад чаўнакоў” (аб тканых каляровых узорах на посцілках). Які магутны, амаль біблейскі вобраз! Сапраўдныя чоўны, вырабленыя з камлёў асін у Казацкіх Балсунах, Вялікіх Нямках, яшчэ не так даўно можна было ўбачыць на Бесядзі, якая цячэ непадалёк ад гэтых вёсак. Невялікія баржы, рачныя судны плавалі па Бесядзі ў ХIХ ст. Амаль кожная назва тканага ўзора ўтрымлівае пэўныя ўяўленні, абрадавыя дзеянні, якім, магчыма, налічваецца не адна тысяча гадоў. У свой час каля Бесядзі “кінулі якар” жыхары Казацкіх Балсуноў: абралі месца для жыцця ў адной з найпрыгожых мясцін Беларусі, да яго, кажучы словамі Францыска Скарыны, “вялікую ласку маюць”.
Так сталася, што апошні зямны свой дзень Францыск Скарына сустрэў не на Радзіме. Да гэтага часу невядома месца яго пахавання (верагодна, у Празе). А яго надзвычай вялікая спадчына й дагэтуль вучыць і здзіўляе суайчыннікаў. “Як чарадзейныя рэкі”, напаўняюць нашае жыццё сэнсам, мудрасцю, любоўю да Бога, адчуваннем сваёй уласнай годнасці кнігі, друкаваныя Францыскам Скарынам.
Ларыса РАМАНАВА.