Лепшы дырэктар лепшай школы

Калі чалавек займаецца сваёй справай, гэта адразу заўважна. І па рэзультатах гэтай працы, і па самім чалавеку. Святлана Маісеева працуе на пасадзе дырэктара Хальчанскай базавай школы. Ужо трынаццаты год на гэтым месцы. І па тым, як яна расказвае пра сваю школу, пра поспехі вучняў і настаўнікаў, відаць, што чалавек гарыць на працы, а не тлее.

Яе шлях у адукацыі быў такі. Спачатку у першай веткаўскай школе, пачатковыя класы. Потым першым сакратаром маладзёжнай арганізацыі. Паступіла ў Акадэмію кіравання, мяркуючы знайсці рэалізацыю сваіх здольнасцяў у якасці ўпраўленца. Па сканчэнні навучання заняла пасаду намесніка па ідэалогіі ў раённай паліклініцы. Але адукацыя была ўсё ж бліжэй. Са спецыяльнасцю менеджэра ў галіне дзяржаўнага і мясцовага кіравання Святлана Пятроўна прыйшла ў Хальчанскую базавую школу.

Гістарчыны будынак і гісторыі тых, хто тут вывучыўся, зрабілі ўражанне на Святлану Пятроўну. І цяпер ужо яна з захапленнем расказвае пра больш як сто гадоў сваёй школы. Пра яе праблемы ў выглядзе адсутнасці спартыўнай залы, стадыёна і сталовай, пра яе набыткі ў выглядзе шматлікіх выдатнікаў, грамат і дыпломаў.

Дошкі гонару і прызнанне лепшымі па прафесіі — гэта для супрацоўнікаў школы справа амаль звыклая. Не тое каб перфекцыянізм, але ў невялікай сельскай школе няма нічога, каб было не на ўзроўні рэспубліканскіх стандартаў. Разумнікі-медалісты гімназіі, шчаслівыя першакурснікі прэстыжных ВНУ — сярод іх шмат былых вучняў Хальчанскай школы. Відаць, тут добра навучаюць самаму важнаму: тое, што робіш, рабі добра.

«Сваімі поспехамі я абавязана нашаму калектыву», — сказала Святлана Маісеева, калі яе адзначалі на ўрачыстай акцыі «Мы славім чалавека мірнай працы» грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру». «Мне здаецца, што калі штосьці рабіць і не разлічваць у гэтай справе быць лепшым, то і навошта тады нешта рабіць. І маю думку калектыў падзяляе. Яны ў мяне лепшыя».

«Калісьці я б ні за што не паверыла, што буду дырэктарам сельскай школы. Мне ўяўлялася нешта зусім іншае, недзе ў горадзе, напрыклад, у роднай Ветцы. Але зараз проста не мыслю сабе іншай працы, іншага калектыву», — як заўжды сонечна ўсміхаючыся кажа Святлана Пятроўна, і маладыя, задорныя ямачкі ўпрыгожваюць яе вясёлы твар.

У яе школе на самой справе ўсё ў лепшым выглядзе: дэкор, парадак, рамонт. Пры цяперашнім становішчы справаў, калі сельскія школы налічваюць усё менш вучняў, не набіраючы і двух дзясяткаў, школа ў Хальчы пры невялічкіх памерах адна з самых шматколькасных у вобласці. Тут нават вучацца ў дзве змены.

Поспехі прыходяць як заканамерны вынік штодзённай працы. Святлана Пятроўна свім прыкладам навучае іншых быць лепшымі, не гледзячы ні на геаграфічнае, ні на эканамічнае становішча. Урэшце, цэнтр свету знаходзіцца там, дзе знаходзімся мы…

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Comments (0)
Add Comment