Да старшыні ідуць параіцца, спытаць шляхі разблытвання сваёй праблемы, задаць пытанне і гарантавана атрымаць канкрэтны адказ. Пытанняў на сяле нямала, бытавых і больш глабальных. Іх і дапамагае вырашаць старшыня сельсавета Алег Азарчанка.
У нядаўнім мінулым ён разам са сваімі напарнікамі па службе затрымліваў у год ад 200 да 400 парушальнікаў парадку, а зараз прыкладае ўсе сілы, каб яшчэ ў адным населеным пункце раёна было больш парадку як грамадскага, так і бытавога, таго, што стварае ўтульнасць і нармальны быт.
Алег Азарчанка прапрацаваў у структуры Міністэрства ўнутранных спраў нашай краіны амаль 25 гадоў. У 1990 годзе прыйшоў на службу ў аддзяленне патрульна-паставой службы ў Гомелі міліцыянерам. Потым працаваў міліцыянерам-вадзіцелем. У 2003 годзе скончыў Акадэмію МУС РБ, у 2005-м быў ужо камандзірам узвода.
З 2015 года структуру, дзе служыў Алег Іванавіч, перайменавалі ў полк патрульна-паставой службы. Аднак сутнасць работы ад гэтага не змянілася: старшы лейтэнант, камандзір узвода па-ранейшаму дабрасумленна выконваў свае абавязкі.
Міліцыянер на працы мусіць быць і байцом, і абаронцам, і нават псіхолагам. Трэба пралічыць, здагадацца, прадбачыць. «Чуццё» мець, так бы мовіць. Гэта вельмі патрэбная ў працы частка прафесійнага майстэрства.
«Былі ў начным рэйдзе, не ў форме, у цывільным адзенні. Адзін чалавек падаўся нейкім падазроным. Паводзіў сябе напружана, нервова. Нешта ў ім было не так. Падыйшлі, прадставіліся, паказалі службовыя пасведчанні. А ён уцякаць! Затрымалі. Аказалася, незаконна меў пры сабе пісталет «ТТ», прычым з заражаным баявымі патронамі магазінам. Выклікалі аператыўную групу: незаконнае храненне зброі».
Пасля патрульна-паставой службы былі два гады ў органах папярэдняга расследвання. З 2007 года стаў участковым у Гомелі, а праз чатыры гады перайшоў у Ветку. Тут цяперашні старшыня сельсавета праз гады і выйшаў у адстаўку з пасады начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі ў званні маёра.
Параўноўваючы асаблівасці працы ў абласным цэнтры і ў раёне, Алег Іванавіч адзначае, што аўтарытэт чалавека ў міліцэйскай форме ў раёне вышэй. «Але гэты аўтарытэт не выдаецца разам з формай, яго трэба зарабіць і падтрымліваць справамі».
Нейкі час Алег Азарчанка быў участковым нават на 43 населеныя пункты шасці сельсаветаў «паўночнай зоны» раёна. Складана было не столькі з-за колькасці людзей (у абласным цэнтры было і болей: 6 тысяч чалавек на ўчастковага), колькі з-за аддаленнасці вёсак адна ад адной, раскінутасці ўчастка тэрытарыяльна.
«Адзін з вядомых гомельскіх раёнаў, Манастырок, славіўся яшчэ і тым, што там жыве шмат былых асуджаных. Там «няпростага кантынгенту» было нямала», — тлумачыць былы міліцыянер. Параўнаць ёсць з чым: багаты службовы вопыт. Таму ў раёне Алегу Іванавічу тая няпростая частка насельніцтва, што прыносіць шмат турбот міліцыі, уладам і суседзям, падалася ніколькі не складаней, чым дзе. «Такія ж людзі, як і ўсе, нават калі і з якімі спецыфічнымі праблемамі».
Калі ў 2015 годзе Алега Іванавіча запрасілі на пасаду старшыні Свяцілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта як чалавека спрактыкаванага, знаёмага з рэгіянальнымі праблемамі і мясцовым насельніцтвам, ні ў каго не было ні пытанняў, ні пярэчанняў. Вырашаць надзённыя праблемы вяскоўцаў і займацца выхаваннем праблемнага кантынгенту: чым не лагічны працяг міліцэйскай службы?
Камісія па барацьбе з п’янствам і назіральныя камісіі працягваюць тую ж прафілактычную работу з насельніцтвам, і Алег Іванавіч бярэ ў ёй самы непасрэдны ўдзел. Пажылыя, што пражываюць адны, адзінокія старыя, шматдзетныя, сем’і са статусам сацыяльна небяспечных умоваў пражывання, абавязаныя асобы і тыя, што злоўжываюць алкаголем, раней судзімыя — катэгоры насельніцтва, што патрабуюць асобнага клопату, комплекснага і індывідуальнага рашэння праблем, пастаяннай увагі.
Не кажыце, што дарослага чалавека ўжо не перавыхаваеш. Некалі ж большасць «непуцёвых» былі нармальнымі грамадзянамі, ім трэба толькі напомніць пра гэта. І станоўчыя прыклады ў межах сельсавета ёсць. Была жанчына са статусам абавязанай асобы, але яна адумалася, кінула піць, закадзіравалася, муж таксама «стаў на пуць». Забралі дзяцей дадому, і зараз з’яўляюцца прыкладам звычайнай сям’і.
Старшыня сельсавета Азарчанка штодзень у клопатах. Дарэчы, яны не меньшыя, чым у міліцыянера, пра якога гадоў восем таму пісала ведамасная газета «На страже». І на пасадзе старшыні Алег Іванавіч на свамі месцы. У самым шырокім і добрым сэнсе слова.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.