— Наша асноўная задача — ажыццяўляць кантроль за прыродакарыстаннем, выкананнем законаў, пастаноў і рашэнняў. Напрыклад, сёння былі разгледжаныя звароты грамадзян па пытаннях карыстання вадаёмамі.
Канкрэтна, ці можна лавіць рыбу ў возеры Смедзін, што недалёка ад Аднаполля. Адказ адназначны: нельга. Таму што возера знаходзіцца на тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання. Наогул усе вадаёмы па цячэнні Сажа па левым беразе да Бесядзі знаходзяцца на тэрыторыі заказніка.
Другі візіцёр хацеў удакладніць, ці можна рыбачыць на тэрыторыі заказніка на Сажы і азёрах з лодкі? З палажэння аб заказніку вынікае, што нельга. Можна толькі з берага.
Больш інфармацыі, дзе можна і дзе нельга паляваць і рыбачыць, зацікаўленыя могуць паглядзець на нашай карце, размешчанай на сайце Чачэрскага райвыканкама. Парушэнне забарон цягне за сабой адміністратыўную адказнасць: штраф ад 20 да 50 велічынь. Акрамя таго, за здабычу жывёл на забруджанай тэрыторыі штрафы спаганяцца ў трайным памеры.
Увесь час прыходзіцца змагацца з парушэннем рэжыму гэтых тэрыторый. Складзена больш за сорак адміністратыўных пратаколаў. Звяртаемся з лістамі-хадайніцтвамі аб устанаўленні прапускнога рэжыму ў зону. Патрэбна грунтоўная распрацоўка комплексных мерапрыемстваў па ахове гэтых тэрыторый. Шлагбаўмы і знакі, што папярэджваюць аб забароне знаходжання ў зоне, сістэматычна знішчаюцца нейкімі невідзімкамі. Паўстае пытанне ўстаноўкі відэаназірання кшталту тых фоталавушак, што ставяцца ў лесе для выяўлення наведвання ўчастку жывёламі, а таксама незаконнымі візіцёрамі. Калі вінаватыя ў знішчэнні знакаў будуць выяўленыя, іх сурова пакараюць.
Што пратакол за парушэнне граніц і правілаў «адселенкі» — не жартоўная паперка, тыя, хто быў аштарафаваны і не аплаціў штраф, разумеюць толькі тады, калі судовы прыстаў прыходзіць апісваць маёмасць, выносіць камп’ютар і тэлевізар. Так было ў 2015 годзе за збор лісічак у зоне.
Шмат парушэнняў адбываецца ў галіне сельскай гаспадаркі. У мінулым годзе быў рэзанансны выпадак забруджвання: ля Краўцоўкі прарвала трубу з угнаеннямі. Навозныя масы трапілі ў ваду. Зараз іск па нанесенай шкодзе прыродзе задаволены цалкам. У Веткаўскім жа раёне выклікаюць пытанні размяшчэнне выгульных кашар у непасрэднай блізкасці ад вадаёмаў, паведамленні аб выкідах у рэкі сцёкаў, выкарыстанні электратоку для «рыбалкі». Выгулы павінны размяшчацца не меней як у 600 метрах ад вадаёмаў.
Калі вам сталі вядомыя факты замора рыбы з-за выкіду прамысловых адходаў, выкарыстанне электравудаў, незаконнай загатоўкі лесу, парушэння экалагічнага заканадаўства, просім звяртацца па тэлефоне даверу Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта 77-30-00.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.