Ветковчанка Наталья Мирошниченка смогла преодолеть жизненные трудности благодаря поддержке сотрудников центра социального обслуживания населения и управления социальной защиты

У цяжкія часіны жыцця чалавек адчувае сябе асабліва самотным, быццам ён адзін ва ўсім свеце. Калі гора выклікана стратай блізкага чалавека, то здаецца, што няма каму ні паспачуваць, ні падтрымаць. Таму асабліва памятаецца дапамога, аказаная ў такія чорныя палосы жыцця, удзячнасць поўніць сэрца гадамі.

У рэдакцыю завітала паглядная энергічная жанчына. Яна хацела расказаць пра выдатных людзей, з якімі яе звялі жыццёвыя акалічнасці. І выказаць словы ўдзячнасці, што накапіліся за гады знаёмства з імі.

У Наталлі Мірашнічэнкі амаль 12 гадоў назад ад няшчаснага выпадку загінуў муж. Застаўшыся адна, яна была разгублена, не ведала, ці хопіць сіл падняць траіх дзяцей, двое з якіх былі непаўнагадовымі. Як апрануць-абуць, чым накарміць?..

Тады, як расказвае Наталля Мікалаеўна, і адбылося яе знаёмства з веткаўскім цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўленнем сацыяльнай абароны.

— Асабліва каштоўнай для мяне была не толькі і не столькі матэрыяльная падтрымка, колькі душэўнасць работнікаў цэнтра. Яны і пагавораць, і распытаюць як і што ў дзяцей, чым жывем, што новага. Нават праз шмат гадоў памятаюць розныя абставіны нашага жыцця, нейкія падрабязнасці, важныя для нас. Сацыяльныя службы раёна не раз аказвалі нам матэрыяльную і гуманітарную дапамогу.

А даражэй за ўсё, што калі не зайду — гатовы напаіць кубачкам гарбаты з цукеркамі, проста прыняць не як функцыянер візіцёра, а як добрыя суседкі, даўнія знаёмыя ці сваякі. Такія людзі Алена Бакаева, Таццяна Воінава, Вікторыя Нікалаенка. Кожная сустрэча з імі была і застаецца крыніцай добрых эмоцый, упэўненасці, што маё пытанне будзе вырашана станоўча, што да мяне не паставяцца фармальна, раўнадушна, — эмацыянальна ўзрушана кажа жанчына.

Удава адзначае тую добрую сямейную атмасферу, якая акружае работнікаў веткаўскай сацыяльнай сферы. Таму калі неяк аднойчы ёй прыйшлося сутыкнуцца з чалавекам, настроеным фармальна і груба, жанчына проста не ведала, як і рэагаваць. «Больш чым дзесяцігоддзе зносінаў у сацыяльнай сферы з лагоднымі і культурнымі людзьмі прывучылі да даверу», — тлумачыць сваю пазіцыю Наталля Мірашнічэнка.

Але гэты непрыемны (і, на шчасце, адзіны) кантакт з грубасцю не змяніў добрага і ўдзячнага стаўлення да сацыяльных службаў, людзей, што там працуюць.

— Я шчыра дзякую за ўсё, што яны зрабілі для нас. Тая ж «гуманітарка» дапамагла не траціць грошы на летні і дамашні гардэроб для малодшых дзяцей, што дазваляла выправіць лепшае адзенне для школы, набыць даражэйшы і больш якасны абутак. Дзеці растуць, футболкі ды сандалі ў такім узросце — «расходны матэрыял»: то парвалася, то знасілася, то малое стала. Гуманітарная дапамога для нас — важкая падтрымка.

Жанчына яшчэ доўга ўзгадвала розныя акалічнасці, пры якіх ёй дапамаглі чулыя і неабыякавыя людзі. Адчувалася, што мацней ацаніла Наталля гэты больш чым дзесяцігадовы клопат асабліва пасля сутыкнення з акалічнасцю, што не ўсе людзі мілыя і прыветныя. Можа, менавіта таму і захацелася ёй выказаць усё тое добрае, што даўно было ў душы да «сацыяльнікаў». Так бывае ў жыцці. У адказ на дабро хочацца адказаць тым жа. Напрыклад, самой пазваць «на самавар» кагосьці з мілых жанчын ці напісаць ліст удзячнасці на службу.

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ

Comments (0)
Add Comment