Ці чулі вы пра такое своеасаблівае адхіленне асобы, як піраманія? Гэта непераадольная цяга да падпалаў аматараў ладзіць пажары не з мэтай схаваць сляды злачынства, не для помсты ці выгады, а выключна з любві да самаго працэсу. Піраманам можна смела назваць асобу, што ўчыніла пажар больш за 1 раз. Рэцыдывы і ёсць адна з галоўных прыкмет піраманіі, як і абдуманасць, смакаванне самаго працэсу падрыхтоўкі, радаснае хваляванне, чаканне сваёй тайнай дыверсіі. Здзейсніўшы задуманае, піраман не пабяжыць хавацца. Шукаць яго трэба недзе побач з пажарам: не для таго ён учыняў відовішча, каб яго не паглядзець самому!
Піраманія — не віруснае захворванне, вельмі індывідуальнае адхіленне. Таму проста незразумела, чаму “вірус” падпалаў напаў на даволі-такі ціхі Веткаўскі раён, дзе нават злачыннасць ніжэй за сярэднерэспубліканскія паказчыкі.
Традыцыйна, і гэта вам пацвердзіць статыстыка любога раённага аддзела МНС нашай краіны, статыстыку пажараў на 60-70% складаюць выпадкі неасцярожнага абыходжання з агнём. Потым ідуць усе астатнія прычыны, ад тэхнічных да ўдараў маланак. І раптам недзе з 2012 года сярод дамінуючых прычын пажараў на Веткаўшчыне на непачэснае другое месца з масавай доляй ад 30 да 70 працэнтаў сталі выбівацца падпалы. Прычым серыйныя.
У 2012 годзе быў антырэкордны паказчык, у 2013-м гэты паказчык упаў недзе на 10% і склаў каля 60% ад усіх узгаранняў. Як кажа начальнік Веткаўскага раённага аддзела МНС Валерый Харошка, у бягучым годзе гэта тэндэнцыя захоўваецца: на 13 пажараў прыкметы відавочнага падпалу мае палова выпадкаў. У гэтым і мінулым гадах мішэнямі падпальшчыкаў сталі аб’екты гаспадарання.
Так, аб’ектам падпальшчыкаў стала сіласная яма УСП “Іскра-Ветка”. На самаўзгаранне тут не спішаш: сілас загарэўся не ў першыя пажаранебяспечныя месяцы, а праляжаў 10 месяцаў, перш чым гэта здарылася. На пажар ад натуральных прычын не аднясеш і загаранне прыбудовы кацельнай у Прысно. Бяда адбылася летам, калі кацельная не функцыянавала, ды і дровы, што ляжалі ў прыбудове, самі не гараць… Нават у пажар па неасцарожнасці тут не вельмі верыцца. Версія пра падпал напрошваецца сама сабой. І пажар на сенабазах аграфірмы імя Лебедзева мае ўхіл да версіі падпалу больш, чым да неасцярожнага абыходжання з агнём.
Як паведаміў Валерый Харошка, справы па пажарах з прыкметамі падпалаў перадаюцца ў органы міліцыі, але судоў і асу-джаных па гэтых справах не было.
Іншая справа — вогненныя інцыдэнты 2013 года ў Пыхані. Пажары ўчыняліся тут як па раскладзе: як толькі пятніца — гарыць чыё-небудзь сена, салома ці сарай. Самая ходкая версія схілялася да таго, што падпальшчык напіваецца пасля працоўнага тыдня і тады здзяйсняе свае дыверсіі. За адну восень было ўчынена 11 пажараў. Без відавочнай заканамернасці, але практычна толькі па двух вуліцах вёскі. Версіі помсты і выгады не складаліся ў сістэму, выглядала хутчэй так, што падпальшчык дзейнічаў хаатычна, без дакладнага плана і кіраваўся хіба зручнасцю дабрацца незаўважаным.
Арганізоўваліся засады, бо насельніцтва моцна нервавалася: калі пажар разгарыцца, то не фокус і хаце згарэць разам з гаспадарамі. І калі аднойчы ўзведзеныя да мяжы напружання вяскоўцы затрымалі падазроную асобу, у руках якой былі годныя да падпалу сродкі, то ледзве не ўчынілі самасуд. Ад гэтага суда на месцы падазраваймую 46-гадовую жанчыну, якая раней мела праблемы з алкаголем, уратавалі праваахоўныя органы. Дарэчы, суд не даказаў яе віну, а значыць, афіцыйна чалавек перад законам чысты. Аднак з моманту гэтага інцыдэнту пажары таксама перапыніліся.
Цікава заўважыць, што ў тым жа годзе эпідэмія піраманіі захапіла і Гродзенскую вобласць. Там серыю падпалаў зрабіў… настаяцель касцёла. Праўда, ён сам прыйшоў з павіннай.
Серыйныя падпалы ў Малых Нямках і Пыхані вельмі дакладна падобныя да спраў рук адпетых піраманаў, скіраваных на прамысловыя сельскагаспадарчыя аб’екты.
А які абагулены партрэт пірамана, як вылучаецца ён з ліку іншых прыстойных грамадзян?
Па меркаванні неўролагаў і псіхіятраў, гэта асобы, што пакутуюць на растройства імпульсных паводзін, якое выражаецца ў неадольнай цязе да падпалаў. Для іх падпалы — спосаб вызвалення ад накопленых крыўд, злосці, нерэалізаванасці, незадаволенасці сексуальнай, сацыяльнай ці фізічнай. Часта маюць зніжаны інтэлект, схільнасць да асацыяльных паводзін, брадзяжніцтва. Жанчыны пакутуюць (калі гэта слова дарэчы: пакутуюць зазвычай ад піраманаў) на гэтае адхіленне асобы значна радзей за мужчын. Праўда, маюць больш схематычную будову асобы, часцей сексуальна неразборлівыя. Таксама яны часта выражаныя клептаманкі: так і “ліпне” да рук усё чужое, што не пападзецца, нават непатрэбныя на першы погляд рэчы.
Варта адзначыць, што піраманы — не псіхічна нездаровыя людзі. Толькі недзе адзін з дзесяці піраманаў псіхічна хворы. Але кожны чацвёрты з паталагічных падпальшчыкаў мае схільнасць да рэцыдываў.
Але каго лячыць, сацыяльна арыентаваць ці судзіць на Веткаўшчыне пакуль не ведаюць. Серыйныя падпальшчыкі, акрамя прамой матэрыяльнай шкоды, абыходзяцца ў капеечку і казне: на выезды пажарных, паліва, тэхніку ідуць лішнія дзясяткі мільёнаў рублёў. Лішнія выдаткі, вінаватых у якіх варта б было прыцягнуць да кампенсацыі гэтых страт. Маральныя ж страты не палічыш.
Начальнік райаддзела МНС таксама напомніў, што і знішчэнне агнём сваёй уласнай маёмасці цягне за сабой адказнасць па закону. Паколькі гэта грамадскі небяспечнае дзеянне, то тут прынцып “хачу ем, хачу на сцены мажу” не дзейнічае: адказваць за пагрозу пажару суседзям праз спальванне свайго дому ці аўто прыйдзецца рублём.
Як спыніць эпідэмію падпалаў? Можа быць, павышэннем пільнасці грамадзян, прафілактычнай работай, тлумачэннямі. Ці ўзмацненнем адказнасці за выпадкі наўмысных пажараў. А можа, на гэтае пытанне адказ дасць толькі медыцына…
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Comments (0)
Add Comment