Верасень — час, калі школы, ВНУ і аддзелы адукацыі падводзяць рахункі ўступнай кампаніі года. Для былых адзінаццацікласнікаў Веткаўшчыны яна прайшла няблага, недзе на ўзроўні мінулых гадоў, недзе са станоўчай дынамікай. Выніковыя дадзеныя (канчаткова іх звядуць да кастрычніка) зазвычай мала адрозніваюцца ад папярэдніх, якія школы далі цяпер. Больш дакладны падлік не зменіць працэнтных паказчыкаў. А яны такія.
У Веткаўскім раёне ў 2015 го-дзе выпусцілася 113 адзінаццацікласнікаў. Веткаўчан з іх 53, сярод якіх 41 выпускнік СШ №1 і 12 гімназістаў. 29 нашых выпускнікоў сталі студэнтамі. Паказальна, што 9 з іх — былыя навучэнцы гімназіі, прытым што з гэтай навучальнай установы выпусцілася толькі 12 чалавек. Трэба сказаць, што і трое астатніх паступілі куды задумвалі: у мастацкі і медыцынскі каледжы.
У працэнтных адносінах уступная кампанія выглядала так: 26% паступілі ў ВНУ, у сярэднія спецыяльныя ўстановы — 31%, прафесійна-тэхнічную адукацыю абралі 40% выпускнікоў. З тых, хто не паступіў ці не збіраўся нават, двое займаюцца на курсах пры ўніверсітэце, адзін працаўладкаваўся, адзін навучаецца ў аўта-школе і пасля яе сканчэння пойдзе ў шэрагі беларускага войска.
У мінулым годзе аналагічныя вышэйпрыведзеным лічбы выглядалі прыкладна так: 30%, 37%, 26% адпаведна. Ці не значыць гэта, што прафесійная адукацыя набірае прэстыж? Магчыма. Па-першае, школы трымаюцца курсу арыентацыі школьнікаў на рэальныя прафесіі, такія, што будуць запатрабаваныя на сучасным рынку працы. Таму вучэльні і ліцэі Касцюкоўкі, Гомеля, Буда-Кашалёва абралі ў гэтым годзе болей выпускнікоў Веткаўшчыны. Па-другое, можа быць, што выбіраюць прафтэхадукацыю і таму, што гэта даступны, “бюджэтны” варыянт: ні табе экзаменаў, ні табе ЦТ, толькі конкурс атэстатаў. А калі ад пачатку не быў упэўнены ў сваіх канкурэнтных здольнасцях як студэнта, то чаму б не…
Вядома, што медалісты, выдатнікі і выпускнікі з добрымі баламі ад пачатку скіраваны на паступленне ў ВНУ. Больш нізкія балы даюць больш крытычны погляд на сваё месца на рынку студэнцкіх вакансій. Веткаўскія выпускнікі наогул рэалісты: вы-біраюць часцей за ўсё навучальныя ўстановы Гомельшчыны, радзей — Магілёўшчыны, Віцебшчыны, Міншчыны.
Роскід прафесійных выбараў немалы, але традыцыйнымі застаюцца ўсё тыя ж медыцынскія, педагагічныя, сельскагаспадарчыя ВНУ. Папулярныя таксама навучальныя структуры Міністэрства ўнутраных спраў.
Мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў таксама з’яўляецца перспектыўным напрамкам праф-арыентацыі раёна. Не сакрэт, што замацоўванне маладых спецыялістаў у раёнах недзе на ўзроўні 50%. Таму развівацца мэтавы напрамак падрыхтоўкі будзе. У адукацыю сёлета прыйшло 28 маладых спецыялістаў, і асноўная іх частка паехала ў вёскі. Цікава, што пераважная большась маладых педагогаў таксама з’яўляецца ўраджэнцамі Веткаўшчыны: каля 70%. Мяркуецца, што замацоўванне іх у вёсках адбудзецца: людзі прыехалі дамоў, не ў новыя для сябе краі.
Асобна варта адзначыць поспехі гімназіі г. Веткі. Канечне, у гэту ўстанову першапачаткова прымаюць на навучанне з пятага класа на конкурснай аснове. І хоць апошні конкурс складаў 1,1 чалавека на месца, канкурэнцыя ўсё ж была. Ды і ідуць у гімназіі вучні, “заточаныя” на вучобу і паступленне. І не толькі веткаўчане: сярод медалістаў і выдатнікаў апошніх гадоў выпускнікі Хальчанскай базавай школы.
Паступілі ўсе гімназісты. Але рух тут быў двухбаковы: і падрыхтоўка самой установы, і жаданне вучняў. Сама ўстанова не вырашае праблему аўтаматычна. Варта б было толькі даведацца, колькі і як рыхтаваліся хлопцы з гімназіі, што паступілі ў Мінскую акадэмію міліцыі: спорт, зборы, дадатковая падрыхтоўка па прадметам. Такім чынам, сказаць, што паступілі яны таму, што былі гімназістамі, нельга. Хутчэй, абралі гімназію, каб ажыццявіць свае прафесійныя мары. Таму і сярэдні бал гімназістаў за апошнія тры гады вырас з 36,1 да 48,2.
Застаецца толькі павіншаваць новых студэнтаў і навучэнцаў, пажадаць ім атрымаць добрыя прафесіі ды вярнуцца потым на радзіму.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.