Усім вядома, што на свеце існуе вялікая колькасць прафесій. Кожная прафесія добрая па-свойму. У кожнай ёсць свае плюсы і мінусы. Выбіраючы свой шлях, трэба кіравацца перш за ўсё сваімі імкненнямі, тым, да чаго цябе цягне, чым бы ты хацеў займацца, прыносячы карысць сабе і грамадству.
Другое правіла пры выбары прафесіі — гэта ўлік сваіх магчымасцяў. Я заўважыў, што дарослыя пры знаёмстве, прадстаўляючы кагосьці, услед за імем чалавека абавязкова называюць і галіну яго дзейнасці, прафесію ці пасаду. Нават у маленькага дзіцяці звычайна пытаюцца: “Кім ты хочаш стаць, калі вырасцеш?” Калі я быў крыху меншы, ніколі сур’ёзна не ставіўся да гэтага пытання. А вось цяпер — справа іншая. На дадзены момант зацікаўлены я адной прафесіяй. Кажуць, што сапраўдны настаўнік — гэта чалавек ад Бога, а ўсе іншыя прафесіі — ад настаўніка. У кожнага з нас у жыцці быў свой настаўнік, дзякуючы ведам, вопыту і мудрасці якога мы спазналі свет, навучыліся ствараць і будаваць будучыню. Толькі чалавек з асаблівым талентам зможа данесці да іншага свае веды і навыкі, толькі яму хопіць мужнасці і цярпення ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне новага пакалення.
Я скончыў сем класаў. За плячыма ўжо шмат гадоў праведзеных у школе. Здаецца, можна без усялякіх праблем вылучыць для сябе самага любімага настаўніка. На самай справе цяжкавата. Дасканала прааналізаваўшы сваё школьнае жыццё, я прыйшоў да высновы, што кожны настаўнік чымсьці мяне прываблівае. Тым не менш, адзін з іх асаблівы.
Канстанцін Юр’евіч Ганчароў ужо два гады выкладае ў нашай школе матэматыку і інфарматыку. Ідучы менавіта да яго на ўрок, я упэўнены, што сёння чакае мяне штосьці незвычайнае. І самае цікавае, што 40 урочных хвілін пралятаюць імгенна. З гэтым чалавекам ніколі не бывае сумна. Згадзіцеся, што гэта вельмі важна. Канстанцін Юр’евіч валодае незвычайным майстэрствам. Нават самыя складаныя і нудныя тэмы ў яго выкладанні пераўтвараюцца ў захапляючыя аповеды, якія назаўсёды адкладваюцца ў галаве.
Толькі чалавек з асаблівым талентам можа так узнёсла і адкрыта данесці да іншага свае веды і навыкі.
У чым жа перавага гэтага настаўніка над астатнімі, адразу задасцеся вы пытаннем. Па-першае, яго строгасць, якая спярша выклікае некаторы страх, вельмі хутка рассейваецца. На змену ёй прыходіць пачуццё надзвычайнай павагі да чалавека. Па-другое, мне вельмі імпануе яго знешні выгляд: заўсёды дзелавы сучасны касцюм, акуратна прычэсаныя валасы. І па-трэцяе, Канстанцін Юр’евіч прыемна адрозніваецца ад сваіх калег спакойным характарам. На яго заўжды засяроджаным твары блукае ледзь прыкметная ўсмешка. Вядома, гумар на ўроках і за іх межамі заўсёды прысутнічае, прытым ніколі не выходзіць за межы дазволенага. Разам з усім Канстанцін Юр’евіч вельмі ветлівы і адкрыты чалавек, гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Я магу прыйсці да яго з любым пытаннем з упэўненасцю, што атрымаю падрабязнае і зразумелае тлумачэнне. Яшчэ адзін немалаважны плюс для гэтага настаўніка — ён мужчына. Усе астатнія прадметы ў школе выкладаюць жанчыны-настаўніцы.Справа ў тым, што ў маім класе няма дзяўчат. Напэўна таму ў нашай мужчынскай кампаніі і складваецца такое паразуменне з настаўнікам.
Мабыць, праз год-два, калі я пасталею, мой эталон ідэальнага настаўніка крыху зменіцца. А пакуль я з захапленнем чакаю наступнага навучальнага года, каб пачуць з вуснаў любімага настаўніка словы:
— Пачынаем работу. Я дапамагу вам сёння пазнаёмiцца з новай цiкавай тэмай.
Кірыл ДЗЕДУШКОЎ, вучань 8 класа Шарсцінскай базавай школы.

Comments (0)
Add Comment