Дарогай тканага ўзору

Веткаўшчына — багаты і непаўторна глыбокі ў духоўным плане куточак нашай краіны. У невялікіх вёсачках, як нідзе болей, захаваліся аўтэнтычныя кавалачкі нашай спадчыны. Дагэтуль вясковыя жыхары шануюць старадаўнія звычаі, берагуць культавыя прадметы даўніны, адраджаюць фальклор. Жыццё веткаўчан — гэта своеасаблівая мазаіка, якая складаецца з рознакаляровых шкельцаў-свят, якія праходяць у раёне. Чарговае з іх адбылося ў нядзлю ў вёсцы Неглюбка на базе мясцовага Цэнтра ткацтва.


Першы этап першага Веткаўскага раённага фестывалю ткацтва “Кросенцы” адбыўся 22 верасня бягучага года. Пляцоўкай для карагода народных традыцый, майстар-класаў і выступу народных гуртоў стаў філіял Веткаўскага музея страабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі. Крыху больш, чым праз месяц, 27 кастрычніка, аматары ткацтва і народнай культуры атрымалі нагоду зноў сабрацца разам, каб падзяліцца сваім майстэрствам і пераняць вопыт сапраўдных майстроў і майстрых.


Сярод тумановай смугі і асенніх пажухлых колераў нядзельным днём Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва буяў фарбамі. Ганак цэнтра ткацтва ўпрыгожвалі посцілкі, вытканыя неглюбскімі жанчынамі, на іх фоне стаялі кросны і калаўрот — прылады, без якіх немагчыма стварэнне тканага цуду. Да таго ж у фае Цэнтра да ўвагі неглюбчан і гасцей свята былі прадстаўлены выставы традыцыйных кашуль ад Веткаўскага музея і жыхароў Неглюбкі “Белая птушка-нявеста” і неглюбскіх ручнікоў.


На імправізаваныя вячоркі сабралася вялікая колькасць удзельнікаў. Акрамя мясцовых жыхароў у Неглюбскі цэнтр ткацтва завіталі госці з усяго раёна, а таксама і з-за яго межаў. Ганаровымі гасцямі свята былі старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Іванавіч Чаванькоў і першы намеснік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Гомельскага аблвыканкама Вольга Вітальеўна Антоненка. Як і заведзена на традыцыйных беларускіх вячорках, не абышлося ў гэты дзень у Неглюбцы без песень, скокаў і майстар-класаў. З вакальна-інструментальнымі нумарамі выступілі гомельскія гурты “Млын сонца”, “Бан-Жвірба”, “Ягорава Гара”, якія выконваюць народную музыку ў сучаснай апрацоўцы, выкарыстоўваючы аўтэнтычныя музычныя інструменты. Прынялі ўдзел у праграме свята і Алег Барсукоў, Анастасія Кабкова, фальклорна-этнаграфічны калектыў “Стаўбунскія вячоркі”, народны калектыў “Вясёлыя музыкі”, а таксама народны фальклорны калектыў Веткаўскага ГДК “Крыніцы”. Асаблівае месца ў карагодзе нумароў заняло выступленне фальклорнага калектыву “Отрада” з вёскі Верашчакі Навазыбкаўскага раёна, што ў суседняй Расіі.


Належнае месца ў праграме свята занялі і шматлікія майстар-класы. На працягу канцэртнай праграмы збоку сцэны працавала за кроснамі маладая ткачыха Ірына Дзямчыхіна, выхаванка гуртка “Ніток”, які існуе пры Цэнтры ткацтва. Дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Галіна Нячаева растлумачыла сімволіку дзявочага і жаночага неглюбскага касцюмаў.


У гэты час у фае будынка кіраўнік гуртка “Ніток” Людміла Кавалёва праводзіла майстар-клас па вырабу неглюбскага кубка, чапца, гарлячак. Калектыў “Стаўбунскія вячоркі” навучыў усіх жадаючых скакаць традыцыйныя танцы. Яшчэ адным сюрпрызам ад арганізатараў свята стала адкрыццё салона-магазіна пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва. Зараз кожны можа ў любы момант набыць творы рукатворнага мастацтва неглюбскіх майстрых.


Сучасны тэмп хуткабежнага жыцця падмінае пад сябе чалавечае жыццё. Паступова ён дабіраецца і да вёскі. Але гледзячы на фальклорныя святы такога кшталту, хочацца верыць, што агеньчыкі народнай традыцыі і фальклорнай культуры будуць падтрымліваць сваё жыццё дзякуючы намаганням апантаных беларусчынай людзей. А мы будзем з нецярпеннем чакаць наступнага года, каб зноў сабрацца ў Неглюбцы на чарговы фестываль ткацтва “Кросенцы”.


Ганна КОДАЛАВА.

Comments (0)
Add Comment