Польская шляхта на Веткаўшчыне

(Заканчэнне. Пачатак тэмы — у прошлым нумары.)
Пасля спусташэння Усходняй Еўропы мангола-татарамі ў 1237-1241 гадах тэрыторыя былога Чарнігаўскага княства была падпарадкавана ардынскім намеснікам. У 1350-1360-х гадах маладое Вялікае Княства Літоўскае адваявала ў татар значныя землі былой Кіеўскай Русі, у тым ліку сучасную Гомельшчыну з Гомелем і Чачэрскам. У 1454 годзе Гомель разам з Чарнігавам і Старадубам быў аддадзены ў кармленне за службу збеглым ад князя маскоўскага князям Мажайскім, якія, аднак, у 1500 годзе парушылі клятву і перайшлі на службу да Івана ІІІ. Такім чынам “да Масквы” Мажайскія ўвялі Гомельскую воласць, у той час як Чачэрская засталася ў складзе ВКЛ. У 1535 годзе пасля доўгіх войн гетман Юрый Радзівіл адваяваў Гомельскую воласць назад у ВКЛ, і з гэтага часу яе лёс непарыўна звязаны з Беларуссю.

Паводле мірнага дагавора была ўсталявана мяжа паміж дзвюма дзяржавамі, і кожная з іх стварыла сваю “памежную службу”. На расійскім (маскоўскім) баку гэтую службу неслі казакі, таму першая з таго боку вёска ў вярхоўі Бесядзі і атрымала назву Казацкія Балсуны. У ВКЛ такі род войскаў, як казакі (ад цюркскага слова “казак” — “рабаўнік” ці “вартавы”), ахоўваў малазаселеныя паўднёвыя межы на тэрыторыі Украіны, дзе ўтварылі асобную вайскова-тэрытарыяльную адзінку Сеч (аснову будучай дзяржаўнасці Украіны). На шчыльна заселенай тэрыторыі ўласна самой Беларусі казакоў не было — усходнія межы ВКЛ ахоўвалі панцырныя баяры, а казакамі часам толькі называлі аддзелы лёгкай конніцы, узброенай “па-казацку”. Панцырныя баяры ВКЛ (як у прынцыпе і казакі ў Маскоўскай дзяржаве) былі асабіста свабоднымі людзьмі, якія ў сваім прававым становішчы знаходзіліся паміж сялянамі і шляхтай (дваранамі), мелі асобныя заканадаўча замацаваныя правы і абавязкі. За ваенныя поспехі вялікія князі і каралі часта ўзнагароджвалі панцырных баяр шляхецтвам. У якасці аплаты вялікі князь літоўскі і кароль польскі даваў панцырным баярам зямлю ва ўласнасць — ад 3 да 10 валок (60-200 гектараў) на кожнага, хто нёс вайсковую службу, якую яны абраблялі сваімі сіламі, утвараючы цэлыя вёскі.

Паводле інвентара Чачэрскага староства 1726 года баярскімі сёламі названы Хізы, Грамыкі, Жалезнікі, Свяцілавічы Веткаўскага раёна, Сябровічы, Шапатовічы і іншыя вёскі Чачэрскага раёна, якія складалі першы памежны рубеж абароны сваёй дзяржавы. У XVIII стагоддзі значэнне старых сярэднявечных форм вайсковай арганізацыі паступова занепадала, замест рэальнай службы ў войску шляхта больш ахвотна адкупалася выплатай грашовага падатку.

З цягам часу баярскія сёлы разрасталіся, вакол іх з’яўляліся шматлікія “засценкі” і “аколіцы” — шырока вядомыя ў беларускай этнаграфіі невялікія паселішчы дробнай шляхты. Аколіцамі ў дакументах пачатку XX стагоддзя названы Гарысты, Габраўка, Гута, Пацёсы Веткаўскага раёна, Куракі, Новыя Малынічы, Лукомскія Паплавы, Шылавічы і Шапатовічы Чачэрскага раёна.

Даследчыкі адзначылі той дзіўны факт, што на Гомельшчыне амаль ва ўсіх вёсках з назваю Рудня (Рудня Стаўбунская, Рудня Шлягіна і інш.) на пачатку XX стагодзя жыла шляхта, звычайна каталіцкая, прытым ў некаторых з гэтых вёсак яшчэ ў ХІХ стагоддзі сапраўды здабывалі жалезную руду. Зараз цяжка вылучыць лагічную сувязь паміж гэтымі з’явамі, аднак супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Андрэй Скідан звярнуў увагу, што здабыча балотнай руды самым непасрэдным чынам звязана з вырабам зброі ў сярэднявеччы на нашых землях. Той самай зброі, прынамсі халоднай, якой абавязаны былі самі сябе забяспечваць панцырныя баяры!

Пасля ўваходу ўсходняй Беларусі ў склад Расійскай імперыі ў 1772 годзе неабходнасць у паслугах панцырных баяр адпала канчаткова і яны сталі звычайнай мясцовай дробнай спадчыннай шляхтай. На далучаных тэрыторыях Беларусі шляхта складала каля 10% насельніцтва, у прававых адносінах яна прэтэндавала на тое ж становішча, што і расійскае дваранства (якое ў той час складала каля 1% насельніцтва ў сваёй дзяржаве). Каб зменшыць палітычнае значэнне мясцовай дробнай шляхты, імперская адміністрацыя правяла “люстрацыю” — усе, хто лічыў сябе шляхтай, павінны былі прадставіць адпаведныя доказы.

У гістарыяграфіі гэтая працэдура атрымала назву “разбор шляхты”, і такіх разбораў у канцы XVIII-ХІХ стагоддзях было некалькі. Шмат шляхцічаў не змаглі дакументальна пацвердзіць свае правы і былі залічаны да дзяржаўных сялян ці мяшчан. Аднак яны памяталі сваё паходжанне і выразна дыстанцыянавалі сябе ад іншых груп насельніцтва.

Тым больш гэта тычылася шляхты каталіцкага веравызнання, якая ў сітуацыі выбару паміж простымі мясцовымі праваслаўнымі і ўніятамі “мужыкамі”, стараверамі і прыезджымі праваслаўнымі расійскімі дваранамі ментальна ўсведамляла сябе як “польская шляхта”, бо культурна і рэлігійна менавіта каталікі-палякі з канца XVII стагоддзя былі ёй найбольш блізкімі.

Этнічнае паходжанне вызначалася выключна па веры: праваслаўны — рускі, каталік — паляк. Такі варыянт самаідэнтыфікацыі, як беларусы, у той культурнай сітуацыі ўвогуле не разглядаўся, бо гэта ўспрымалася хутчэй не як этнічная, а геаграфічна-этнаграфічная характарыстыка. Таму ўсе мае прабабулі з каталіцкімі імёнамі, якія з дзяцінства размаўлялі на чысцюткай беларускай мове і, відаць, ні слова не ведалі па-польску, па традыцыі і ў XX стагоддзі між сабой называлі сябе “палякамі”.

Этнографы ХІХ стагоддзя вызначалі шляхту як дробную этнаграфічную групу Беларусі, якая шматлікімі асаблівасцямі вылучалася з масы беларускага сялянства. У Магілёўскай губерні самае вялікае рассяленне шляхты ішло па Сожскаму вадаёму. “…Шляхтич сбривает бороду, одевается в чёрный или серый суконный кафтан, на голове носит картуз польского покроя. Шляхтянка носит кофту и юбку из ситца, одевается в пальто старинного покроя. Вообще, шляхтич живёт более зажиточно, чем крестьянин… Наконец, шляхта не знала тяжёлой крепостной зависимости. Будучи культурнее своего соседа-крестьянина, шляхтич не только хорошо осознаёт значение грамотности, но проявляет стремление к тому, чтобы дать лучшее образование своим детям: в последнее время значительная часть шляхетской молодёжи проходит гимназии и университеты”, — пісалі М. Доўнар-Запольскі і Д. Шэндрык у 1905 годзе.

Палітычныя віхуры і ліхалецці XX стагоддзя вельмі змянілі старажытныя сувязі былых шляхецкіх родаў. Рэпрэсіі 30-х гадоў мінулага стагоддзя ўвогуле адвучылі расказваць пра сямейна-сваяцкія карані — за “дваранскае” паходжанне можна было не толькі самому згінуць, але пацягнуць і іншых родных. Вялікую страту нанесла чарнобыльская катастрофа, пасля якой былі расселены і зніклі шматлікія былыя шляхецкія сёлы і аколіцы. Але людзі памяталі пра сваё паходжанне і свае сваяцкія сувязі, асабліва старэйшыя пакаленні.

Шматлікія нашчадкі старажытных шляхецкіх родаў Чачэрскага староства і сёння жывуць на Веткаўшчыне і Гомельшчыне — Бекарэвічы, Грамыкі, Гатальскія, Горскія, Гурскія, Гулевічы, Драбышэўскія, Іваноўскія, Ключэўскія, Крупскія, Лапіцкія, Лукомскія, Маліноўскія, Плескачэўскія, Плескія, Шалюты, Язерскія, Якубовічы і іншыя. Многія з іх унеслі значны ўклад у развіццё адукацыі, культуры, навукі, медыцыны, прамысловасці і сельскай гаспадаркі нашай краіны — дастаткова ўзгадаць Андрэя Андрэевіча Грамыка.

Яўген МАЛІКАЎ.

Comments (0)
Add Comment