Польская шляхта на Веткаўшчыне. Заканчэнне

Калі ў дзяцінстве бываў на радзіме маці ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна, асабліва на Радаўніцу, крыху бянтэжылі незвычайныя імёны маіх прабабуль — Людвіся (Людвіга) і Уліта (Ульяна). Пазней мяне вельмі здзівіла звестка аб тым, што прабабуля Людвіся адносіла сябе да “палякаў”
Гэта неяк не стасавалася з выключна мясцовым беларускім паходжаннем усіх маіх продкаў па лініі маці: ніхто з іх нават у сямейных паданнях далей за 40 кіламетраў на новае месца жыхарства не пераязджаў. Я, на той момант ужо студэнт-гісторык, ведаў, што этнічных палякаў тут, на самым усходзе Гомельскай вобласці, у 30 кіламетрах ад мяжы з Ра-сіяй, у прынцыпе быць не магло — якія ж палякі праехалі б усю Беларусь, каб пасяліцца ў лясной глухамані каля Свяцілавічаў, дзе нармальная дарога з’явілася толькі ў 1970-х гадах! Да таго ж яшчэ Статут ВКЛ 1588 года, які дзейнічаў да ХІХ стагоддзя, забараняў продаж зямлі іншаземцам, у тым ліку палякам. Палякі, толькі нейкія не тыя! У гэтым кантэксце крыху, праўда, выбіваліся польска-каталіцкія імёны паловы маіх прабабуль і знойдзены яшчэ ў дзяцінстве на гарышчы старой хаты ў Гарыстах малітоўнік канца ХІХ стагоддзя на польскай мове…
Пераломны момант наступіў, калі ў веткаўскім музеі, даведаўшыся адкуль мая маці, будзённа сказалі: “З Гарыстаў? Дык гэта шляхта!” “Якая шляхта? Яны ж сяляне — на сабе сеялі, самі жалі, самі бульбу капалі…” — спрабаваў парыраваць я. “А ты ў сваёй бабулі запытайся, хто такая шляхта, яна табе патлумачыць!” — адказалі музейныя спецыялісты.
“Ну ёсць такія мужыкі, а ёсць такая шляхта. Шляхта з мужыкамі не жанілася, толькі са сваімі. Гарысты — гэта шляхта, а Хлусы — мужыкі!” — вынесла вердыкт мая бабуля, Надзея Мітрафанаўна Сівакова (у дзявоцтве Язерская). “А твае бацькі шляхта былі ці мужыкі?” — удакладніў я. — “Шляхта!” — “А адкуль ты ведаеш?” — не сунімаўся я. “Мне яшчэ малой маці казала: “Мы — шляхта!” — адрэзала бабуля
Толькі цяпер паступова пачала вымалёўвацца карціна, чаму прапрабабуля Тэрэза Драбышэўская, якая мела сясцёр Алену, Юзэфу, Рузю, Францыску, Ганну і братоў Марціна і Рыгора, яшчэ ў 1880-х гадах выйшла замуж за Антона Абуховіча, ад шлюбу якіх нарадзілася мая прабабуля Людвіга (каталікі). І чаму другая прабабуля — Ульяна Лапіцкая — выйшла замуж за Мітрафана Язерскага (праваслаўныя).
Але нешта ўсё роўна не клеілася. Ну што гэта за такая шляхта — “вышэйшы ваенна-служылы стан грамадства”, які дазваляў сабе жыць у такім глухім лесе і займацца выключна сялянскай працай! Шляхта — гэта Радзівілы, Сапегі, Пацы і Вішнявецкія, Халецкія і Аскеркі! Балі, бітвы, палацы і замкі! А тут — бедная нейкая шляхта, здрабнелая, самі за плугам ходзяць, самі ручнікі ткуць. Праўда, дзед пасля вайны было выкапаў на гародзе нейкую кальчугу, але цвікоў з яе не наробіш, таму выкінуў у стары калодзеж…
Пасля заканчэння ўніверсітэта я, апроч іншага, ведаў, што па лініі сённяшняй усходняй мяжы Гомельскай вобласці ўжо амаль 500 гадоў праходзіць гістарычная мяжа паміж Рэспублікай Беларусь, БССР, Магілёўскай губерняй, Рэччу Паспалітай, ВКЛ і Гомельскім староствам з аднога боку і Расійскай Федэрацыяй, РСФСР, Расійскай імперыяй і Маскоўскай дзяржавай — з іншага. І амаль на тым жа самым месцы! Таксама я ведаў, што памежную службу на ўсходніх рубяжах ВКЛ — Рэчы Паспалітай выконваў спецыяльны ваенна-служылы стан грамадства — “панцырныя баяры”, якім за службу кароль і вялікі князь выдаваў у спадчынную маёмасць зямлю ўздоўж мяжы, якую яны ахоўвалі і абаранялі. Вось толькі ці былі мае продкі Лапіцкія, Язерскія, Абуховічы і Драбышэўскія нашчадкамі менавіта тых самых панцырных баяраў? Ці, можа, яны проста ў ХІХ стагоддзі прыехалі з цэнтральнай Беларусі і набылі тут зямлю?
Адказ прыйшоў адтуль, дзе яго ніхто і не шукаў. Зімой, калі хавалі майго дзядзьку на старых могілках у Гарыстах, спантанна ўзнікла пытанне, чаму на суседніх помніках і крыжах такія незвычайныя імёны: Домна, Юзэфа, Праксэда. Тлумачэнне нечакана дала мая маці: “Гэта палякі, якіх колісь прывезлі і пасялілі тут цары для аховы рубяжа!” — “Адкуль ты ведаеш?” — “Дык баба Людвіся мне казала, яшчэ недзе ў 1970-х”.
Як казалі мае выкладчыкі, народная памяць фіксуе сваё гістарычнае мінулае часта ў вельмі незвычайных вобразах і праяўляюцца яны ў спецыфічнай форме…
Цяпер, калі сабралася большая частка фрагментаў гістарычнай “шляхецкай мазаікі”, паспрабуем яе рэканструяваць. Але аб гэтым у наступным нумары раёнкі.
Яўген МАЛІКАЎ, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства.
Тэрэза Абуховіч (у дзявоцтве Драбышэўская) і яе дачка Людвіга — “польскія шляхцянкі” з паўднёвай часткі былога Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (в. Гарысты сучаснага Веткаўскага раёна). Здымак зроблены ў Гомелі каля 1907 года.

Comments (0)
Add Comment