Ёсць пытанни

Нядаўна прачытала інфармацыю: “Как ни странно, но только в 2002 году закончена дезактивация единичных “фонящих” территорий, а ими оказались детский сад в д. Ровковичи и молочная ферма там же, средняя школа в д. Отор, детский сад №4 в Чечерске (загрязнённость превышала допустимую норму более чем в 2 раза и составляла 84-86 МкР/час. Но почему только через 16 лет после аварии там сняли грунт, ведь облучались дети — как минимум два поколения дошколят?”

Гэта — радкі з інтэрв’ю галоўнага ўрача Чачэрскай раённай бальніцы Сяргея Корсака, якое ён даваў карэспандэнту газеты “Медицинский вестник” (№17, 2008 г.). Мінулай вясной жыхары г. Веткі былі ўстрывожаныя тым, што ў выніку навядзення парадку (ачышчэнне возера) непадалёк ад цяперашняй гімназіі ўзровень радыяцыі на тэрыторыі школы значна павялічыўся. Хацелася б ведаць: які сапраўдны ўзровень ёсць у тых месцах, дзе веткаўскія дзеці праводзяць большую частку дня, — на тэрыторыі дзіцячых садкоў Веткі? Які ўзровень радыяцыі на тэрыторыі Чырвонай плошчы? Ці вымяраецца ён штодзённа? Хто яго вымярае? Ранняй вясной на Чырвонай плошчы былі зроблены падсыпкі зямлі (ускрай парка). Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што зямля была прывезена з Тарасаўкі. Ці вымяраў хто у гэтай зямлі колькасць радыенуклідаў?

Таксама ёсць пытанні: ці праводзіліся ў раёне даследванні сувязі прычын смяротнасці з наступствамі аварыі на ЧАЭС? Наколькі брудная агародніна, садавіна, якая вырастае ў асабістых гаспадарках жыхароў Веткаўшчыны? Дзе можна набыць дазіметр, каб мець магчымасць сачыць за ўзроўнем радыяцыі?

Эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя лічаць, што наступствы аварыі на ЧАЭС роўныя выбуху 500 такіх бомбаў, як у Нагасакі… Пры гэтым у Японіі і па сённяшні дзень аказваецца дзяржаўная дапамога тым людзям, чыё здароўе пагоршылася пасля выбуху атамнай бомбы ў 1945 годзе. Людзям, выжыўшым пасля Хірасімы, дазволена браць шлюб толькі адно з адным, паміж сабой (хірасімскія хікабусі). Зразумела, што да нашай краіны японскі вопыт прымяніць нельга. Але хочацца ведаць, што сабой уяўляюць канкрэтныя дзяржаўныя праграмы па ахове здароўя насельніцтва Беларусі (у прыватнасці — жыхароў Веткаўскага раёна) ад уздзеяння радыяцыі. Ці дапамагаюць Ветцы спонсары? Калі дапамагаюць — якім чынам?

Забруджаны лес з’яўляецца магутнай крыніцай апраменьвання насельніцтва. Як вынікае з паведамлення “Стереть радиоактивное пятно” (часопіс “Родная прырода”, №5, 2008 г.), групай вучоных Інстытута лесу НАН Беларусі (г. Гомель) была распрацавана і запатэнтавана канцэпцыя паступовага ачышчэння радыеактыўных лясоў. Дзякуючы ёй, атрыманы першыя вынікі: былі ачышчаны ад празмернай радыеактыўнасці дзялянкі, што знаходзяцца на тэрыторыі Веткаўскага спецлясгаса ў Гомельскай вобласці… Хочацца ведаць: дзе менавіта знаходзяцца гэтыя лясныя дзялянкі, якая іх плошча? Ці можна летам у тых мясцінах збіраць грыбы і ягады? Цікава, якім чынам удалося спецыялістам лясной гаспадаркі дасягнуць такіх радасных вынікаў?

Людзі звыкліся з Чарнобылем — так, як звыкаюцца з любой бядой. Толькі вось гэтая бяда — з ліку тых, якія чалавецтва яшчэ не зведвала: яна ціхая і нябачная. Ратуюцца ад яе — хто як можа: уцёкамі ў алкаголь, лекамі, а нехта — абыякавасцю, незвяртаннем увагі: навошта яшчэ раз псаваць сабе настрой? У народнай культуры з’яўляюцца новыя тэксты, для прыкладу — “Замова ад міліцыі, што ахоўвае зону адсялення”. “Яе трэба так чытаць, як і замову ад ваўкоў”, — патлумачыў адзін жыхар Веткаўскага раёна.

Такая вось наша рэальнасць, такія ў мяне пытанні…

Л. РАМАНАВА.

Comments (0)
Add Comment