З чаго пачынаецца Радзіма? З матулінай калыханкі, аповедаў пра продкаў, роднай хаты і — дзіцячага сада, дзе маленькіх грамадзян вучаць простым ісцінам: любіць сваю сям’ю, свой горад, сваю краіну.
Выхаванне дзіцяці пачынаецца з усведамлення самога сябе. Немалаважным з’яўляецца і выхаванне ў сям’і, нацыянальнае выхаванне. Апошняе спрыяе далучэнню чалавека да самабытнай культуры, дапамагае маленькім беларусам усвядоміць сваю прыналежнасць да нацыі, багатай традыцыямі, звычаямі, дасягненнямі ў культуры, навуцы, адукацыі.
Дзецям дашкольнага ўзросту прасцей засвойваць інфармацыю з дапамогай нагляднасці. Таму нярэдкімі гасцямі яслей-сада №3 горада Веткі з’яўляюцца супрацоўнікі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Іх намаганнямі батлейка ажыла і ў сценах нашага дзіцячага сада, што дапамагло выхаванцам далучыцца да духоўнага багацця тэатра, які адлюстроўвае маральную, эстэтычную, інтэлектуальную спадчыну беларускага народа.
Не менш цікава праходзяць гульні-заняткі ў старэйшай і сярэдняй групах. Вывучаемыя з дзецьмі тэмы — «Край, у якім ты жывеш», «Дом пад блакітным дахам» — пашыраюць і паглыбляюць веды маленькіх веткаўчан аб Радзіме, выхоўваюць пачуццё гонару за сваю краіну, народ, мову, гісторыю і культуру.
Урокі жыцця, якія дае сям’я, валодаюць вялікай выхаваўчай сілай. У кожнай сям’і выкарыстоўваецца жыццёвы вопыт бабуль і дзядуль. Гэта тэма бацькам блізкая і зразумелая. Таму яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі фотавыстаў, выставак малюнкаў («Беларусь мая, сінявокая», «Вандроўка з буслам па роднай Беларусі», «Маё генеалагічнае дрэва» і інш.).
Мэтанакіраваная работа па фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ў сценах нашай установы дапамагае кожнаму дзіцяці з маленства адчуць сябе грамадзянінам сваёй Айчыны.
В. ТУРМОВІЧ, намеснік загадчыка яслей-сада №3 г. Веткі.