«Калі выбралі незалежнасць, давайце працаваць»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка наведаў з рабочай паездкай Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці. У райцэнтры кіраўнік дзяржавы сабраў нараду па пытаннях развіцця аграпрамысловых аб’яднанняў.

Наведваючы Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі АПК мае добрыя шанцы на далейшае развіццё з улікам павышанага попыту на прадукты харчавання ў свеце. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што гэта яшчэ больш актуальна на фоне санкцыйнага націску і росту цэн і попыту на прадукты харчавання ў свеце. «Тым больш цяпер, калі попыт на прадукты харчавання расце ў свеце вельмі хуткімі тэмпамі. Нам цяпер шанц — на гэтым падняць сельскую гаспадарку. Расіяне цяпер з задавальненнем бяруць усе тавары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сабраў у Глыбокім нараду па пытаннях развіцця аграпрамысловых аб’яднанняў Віцебскай вобласці. «Два гады таму па прапанове з месцаў я падтрымаў праект стварэння ў Віцебскай вобласці сямі інтэграцыйных структур. Тады прыкладна ў такім жа складзе вы клятвенна запэўнівалі мяне і ўсю краіну, што гэта адзіны спосаб, які можа вывесці вас на добрае жыццё. Вы ўсё гэта памятаеце, таму сёння настаў час (як я і абяцаў, спачатку на захадзе, а потым на ўсходзе) — мы разгледзім пытанні эфектыўнасці работы аграпрамысловых аб’яднанняў нашай вобласці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што мінула два гады з моманту карэкціроўкі адпаведных дакументаў, абсалютна ўсё, аб чым прасіў Віцебскі аблвыканкам, дзяржава выканала. «І нават больш: даравалі, спісалі, далі адтэрміноўкі, растэрміноўкі, адкрылі спецрахункі, працэнты гасім і да таго падобнае. Настаў час патрабаваць за вынік. Абстаноўка ў свеце і, зразумела, у нашым рэгіёне няпростая. Што датычыцца вас, вы сур’ёзна завінаваціліся краіне і бюджэту. І адкрыта скажу: жалезна вы павінны вяртаць тыя сродкі, якія ў вас уклалі і аказалі вам падтрымку», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Але, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, інфармацыя ўрада, абласнога выканаўчага камітэта, кантралюючых і наглядных органаў паказвае: на неабходныя параметры развіцця аграаб’яднанні пакуль не выйшлі. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што палова арганізацый працуе з адмоўнай рэнтабельнасцю. Выраслі пратэрмінаваныя даўгі, пераважаюць пасрэднікі і схемы выдачы шматгадовых авансаў з боку перапрацоўшчыкаў на карысць неэфектыўных гаспадарак. Паводле інфармацыі Прэзідэнта, ёсць і факты затрымак зарплаты радавым работнікам. «Аб гэтым я вас папярэджваў асобна. І наконт гэтага размова апошняя», — папярэдзіў ён.

«Цяпер свет ламаецца на калена, ідзе перадзел свету, а мы тут разважаем, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Самае галоўнае — дайце кіраўнікам права прымаць рашэнні. У тым ліку і кадравыя. Цяпер момант такі. Момант цяжкі, але ў той жа час шыкарны момант. Расія адкрыта. Нам адкрываецца цудоўная магчымасць. І грошы добрыя. Нас расійскі рубель што, не задавальняе? Задавальняе. Мы можам паліва купіць, сыравіну, рэсурсы. Для сельскай гаспадаркі лепшага часу не будзе».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць наяўнасці моцнага эканамічнага фундаменту для забеспячэння незалежнасці дзяржавы, а для гэтага ў сваю чаргу важны ўклад кожнага на сваім рабочым месцы і ініцыятыўнасць.

«Гультайства недапушчальна. Нават калі лапатай трэба заўтра зямлю перакапаць. Няўжо вы не адчуваеце, якая сітуацыя?! Мы хочам быць незалежнымі, а паварушыцца на гэту незалежнасць ніхто не хоча. Ад членаў урада да даяркі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Таму калі вы выбралі гэту незалежнасць, давайце працаваць. Што тут вы мне гэтыя лічбы круціце-верціце. Трэба малако і мяса! У вас ёсць вытворчыя магутнасці, перапрацоўчыя. Загрузіце іх, і я да вас прэтэнзій мець не буду. Тады ў вас будуць грошы», — запатрабаваў беларускі лідар.

Падрыхтавана па матэрыялах

БЕЛТА

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.