Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі Канстытуцыйнай камісіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў канцы верасня прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі для рэалізацыі палажэнняў рэзалюцыі VI Усебеларускага народнага сходу. Згодна з Указам кіраўніка дзяржавы гэтай камісіі даручана распрацаваць прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечыць іх усенароднае абмеркаванне.

У склад Канстытуцыйнай камісіі ўваходзяць 36 чалавек. Гэта прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб’яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы — заслужаныя і аўтарытэтныя людзі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Кіруе работай камісіі старшыня Канстытуцыйнага суда заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч. Яго намеснікі на пасадзе старшыні камісіі — старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава. Вынікам серыі праведзеных пасяджэнняў камісіі стаў унесены Прэзідэнту праект з прапановамі па змяненні шэрага палажэнняў дзеючай Канстытуцыі. Па выніках праведзенай работы прапануецца змяніць 53 артыкулы Канстытуцыі, увесці 14 новых артыкулаў і 3 артыкулы выключыць.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы папярэднія вынікі работы Канстытуцыйнай камісіі на яе пашыраным пасяджэнні, заявіў, што ёсць варыянт праекта новага Асноўнага закона.

«Мінулі месяцы напружанай працы, вялікай работы, спрэчак, прэтэнзій адзін да аднаго. На наш заклік прыняць удзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Асноўнага закона адгукнулася вялікая колькасць людзей, у тым ліку грамадскія аб’яднанні, — сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне. — Вам давялося дэталёва вывучыць усе прапановы і ініцыятывы, прааналізаваць сусветны вопыт дзяржаўнага будаўніцтва, вывучыць сучасныя тэндэнцыі развіцця канстытуцыйнага заканадаўства. Гэта, безумоўна, вялікая работа».

Прэзідэнт адзначыў сістэмны характар прапануемых змяненняў, якія закранаюць практычна ўсе раздзелы Канстытуцыі. Папраўкі, паводле яго слоў, накіраваны на тое, каб зрабіць Асноўны закон краіны больш сучасным.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў замацаванне ў Канстытуцыі каштоўнасных арыенціраў грамадства, у тым ліку захаванне гістарычнай праўды і памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Асноўным законе прапануецца захаваць пераемнасць сацыяльнай палітыкі дзяржавы і нават прыкметна павысіць узровень сацыяльнай абароненасці грамадзян.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, адна з важных прапаноў Канстытуцыйнай камісіі датычыцца палітычнай сістэмы краіны і накіравана на тое, каб зрабіць яе больш гарманічнай і збалансаванай, пераразмеркаваўшы паўнамоцтвы Прэзідэнта, парламента і ўрада, устанавіўшы канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, Цэнтрвыбаркама.

Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі адбудзецца не пазней за люты 2022 года, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

«Важна, каб уся праводзімая работа па канстытуцыйным будаўніцтве стала асновай для кансалідацыі беларускага грамадства, заклала трывалы прававы фундамент для развіцця краіны на перспектыву. Упэўнены, так і будзе, таму што канчатковае рашэнне прыме народ. Як я ўжо гаварыў, рэферэндум адбудзецца не пазней за люты будучага года», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў грамадстве існуюць розныя пункты гледжання, асабліва сярод людзей, якія шмат зрабілі для станаўлення дзяржавы. Ёсць, у прыватнасці, і тыя, хто лічыць, што рэферэндум не патрэбны і трэба ісці цяперашнім шляхам, не змяняючы Канстытуцыі. «Гэта не прымаецца. Мы паабяцалі правесці рэферэндум па Канстытуцыі. Ад нас патрабавалі «перамен» і не толькі. Мы самі разумелі, што сутнасць жыцця ў тым, каб пастаянна змяняцца. Толькі на карысць павінна быць. Перамены — гэта не ломка, не злом, а эвалюцыйнае развіццё», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Падрыхтавана па матэрыялах  Белта

 

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.