«Славянскі базар» — сімвал станаўлення незалежнай Беларусі

З 14 па 19 ліпеня ў Віцебску прайшоў XXX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Урачыстае адкрыццё свята адбылося 15 ліпеня ў Летнім амфітэатры. Старт фестывалю на канцэрце адкрыцця даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Для беларусаў фестываль стаў адным з сімвалаў станаўлення незалежнай дзяржавы. Так, бывалі вельмі няпростыя часы. Але мы бераглі «Славянскі базар». І насуперак усім цяжкасцям свята жыло», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што разам з фестывалем вырасла цэлае пакаленне беларусаў, ён укараніўся на зямлі, якую па праву можна лічыць калыскай беларускай самабытнасці. «Віцебшчына, якая падарыла нам Шагала, Пэна, Азгура, Быкава і Фрадкіна, стала цэнтрам прыцягнення для творчых людзей у XXI стагоддзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння фестываль у Віцебску — гэта самы аўтарытэтны міжнародны конкурс прафесійнага вакальнага майстэрства. «Падкрэслю — конкурс прафесійнага майстэрства, а не шоу-тэхналогій, створаных толькі для іміджу і жадання пацешыць нечае самалюбства. Ён існуе ў імя людзей, дружбы і адзінства, таму што толькі ў адзінстве народаў ёсць сіла, якая пераадольвае любыя перашкоды, — заявіў Прэзідэнт. — І як бы ні курчыліся ў інсінуацыях крытыкі дзяржаўнай і маёй асабістай падтрымкі «Славянскага базару», мы яго адстаялі і ні разу не пашкадавалі, што кожны год праводзім гэты цудоўны фестываль».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі на карце свету з’явіліся новыя славянскія і еўразійскія дзяржавы, калі ў гісторыі розных народаў пачалася новая эпоха, людзям, разгубленым і адарваным адзін ад аднаго, як ніколі патрэбна была надзея на захаванне духоўных і братэрскіх сувязей. Гэту надзею падарыў «Славянскі базар».

«Наш фестываль стаў першай маштабнай культурнай падзеяй пасля развалу Савецкага Саюза. Калі былі разарваны тысячы ніцей, што звязваюць братэрскія народы, ніхто нават уявіць не мог, якая роля была прызначана «Славянскаму базару». Тры дзесяцігоддзі таму мы пачалі шлях «праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення», і нам удалося ўпісаць сваё свята ў каляндар культурнага жыцця многіх народаў, аб’яднаць аднадумцаў больш як з 70 краін», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ніці фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» прадаўжаюць звязваць людзей у свеце, які ўжо даўно не быў так раздзелены, як цяпер, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што артысты, мастакі, рамеснікі, якія прыязджаюць на фестываль з розных краін і кантынентаў, заўсёды гавораць на адной мове — мове дружбы, мастацтва і творчасці.

Прэзідэнт заўважыў, што ў той час, як некаторыя дзяржавы будуюць агароджы, раздзяляючы людзей калючым дротам, Беларусь расчыніла свае дзверы для сяброў. Білет на фестываль дазволіў наведаць Беларусь грамадзянам 74 дзяржаў без віз. «А сябрам Беларусі запрашэнне ніколі і не патрабавалася, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды па-беларуску рады гасцям і соты раз паўтараем: прыязджайце, паглядзіце на нашу краіну  — нам ёсць чым ганарыцца і чым вас прыемна здзівіць».

Паводле слоў Прэзідэнта, аб’яднаўшы на адной сцэне прадстаўнікоў усіх славянскіх народаў, народаў былых саюзных рэспублік, прыцягваючы з кожным годам удзельнікаў і гасцей з новых краін, фестываль не мог не стаць раздражняльнікам для тых, каму не патрэбна адзінства гэтых краін. «Раздражняе іх наша дзейства, і справа тут не ў дыктатуры, не ў тым, што краіна не такая. З’явіліся новыя метады барацьбы на раздзяленне народаў. Нас спрабуюць раздзяліць, таму мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць гэты вялікі фестываль, які тры дзесяцігоддзі радуе народ. Тым, хто не хоча, каб людзі з іншых дзяржаў убачылі Беларусь на свае вочы, а не скрозь прызму фальшывых СМІ і тэлеграм-каналаў, мы павінны сказаць: прыязджайце да нас, дзверы адчынены. Аблудным, ачумелым — паглядзіце на нас», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.