Як у Стаўбуне вясну гукалі
Цэнтральная сядзіба Стаўбунскага сельсавета вызначаецца цеснай сувяззю з культурай сваіх продкаў. У вёсцы з вялікай пашанай ставяцца да захавання нацыянальнага коду, а мясцовыя традыцыі як найкаштоўнейшы скарб перадаюць з пакалення ў пакаленне. На Ушэсце тут «водзяць і хаваюць стралу», а на Благавешчанне «гукаюць вясну».
Галоўным захавальнікам нацыянальнага коду з’яўляецца народны фальклорны гурт «Стаўбунскія вячоркі». Вопытныя спявачкі Ганна Чуяшова, Улляна Аніськова, Надзея Нікіцькіна, Святлана Парашчанка, Ніна Гарэленка ўжо колькі год запар збіраюць па крупінкам мясцовы фальклор і трансліруюць яго падчас абрадаў. У гэтым годзе да традыцыі далучыліся дзяўчаты з гурта «Спадчына» і навучэнцы школы. Гукалі вясну разам са стаўбунцамі і выхаванцы Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія прыехалі ў вёску разам са сваім мастацкім кіраўніком Наталляй Сіваковай.
Месцам гуляння стаў высокі бераг ракі Стаўбунка ў цэнтры вёскі. Разлапістыя галіны магутнага дрэва моладзь упрыгожыла яркімі стужкамі, што сімвалізуюць цвіценне, і папяровымі птушкамі, а затым працягла зацягнула: «Зіма з летам сустракалась…» — і, стаўшы ў карагод, пачала гукаць вясну. Над ваколіцай разліліся песні-вяснянкі. Кожная песня заканчвалася гучным заклікам: «Гу-у-у-у!»
Не абышлося і без традыцыйных гульняў — «С цвяточкам хаджу» і «Перапёлачка». Здаўна ў дзень гукання вясны маладыя людзі прызнаваліся адзін аднаму ў каханні.
— «С цвяточкам хаджу» — наша стаўбунская гульня. У яе гулялі на ўсіх святах і гульнях, — патлумачыла кіраўнік гурта «Стаўбунскія вячоркі» Святлана Парашчанка. — Гэта была добрая магчымасць хлопцу выказаць сваю зацікаўленнась дзяўчынаю, абняцца і пацалавацца з ёю.
«Перапёлачку», якую падмецілі ў Гомелі і прывезлі да сябе ў вёску, у Стаўбуне адносяць таксама да вясельнага фальклору. Гэта вясенні танец-гульня, які выконваецца ў крузе. У цэнтры яго знаходзіцца ўдзельніца («перапёлка»). Пад час песні «перапёлка» ў такт словам песні паказвае: то ў яе баліць галоўка, то белыя ручанькі, то ножкі і гэтак далей, а калі з’яўляецца малады чалавек, яна пачынае танцаваць. Паводле слоў Святланы Іванаўны, калі дзяўчына сустракае суджанага, яна перараджаецца і пачынае новае жыццё.
Традыцыйна на Благавешчанне пяклі невялічкія булачкі ў выглядзе птушак. У Стаўбуне іх завуць благавешчанкі. Пасля ўсіх гульняў і карагодаў іх падкідвалі на палатнянай прасціне і прыгаворвалі: «Гушкі, гушкі — прыляцелі птушкі!», а затым частавалі прысмакамі дзяцей. Гушкалі птушак і ў гэтым годзе.
— «Гуканне вясны» — патрэбны і важны абрад. Гэтым абрадам прабуджаецца прырода, мы адкрываем зямлю, — патлумачыла Святлана Парашчанка. — Да Благавешчання нельга ні ямкі капаць, ні плот гарадзіць, а пасля свята можна пачынаць работы ў полі і агародзе. Зямля прачнулася.
Ганна КОДАЛАВА.