Кунтараўка. Веткаўскі раён
Зямлю ўслаўляюць людзі, якія нарадзіліся на ёй. І цяпер у вёсцы Кунтараўка памятаюць знакамітых ураджэнцаў. У гэтым мы ўпэўніліся на днях, вандруючы ад хаты да хаты.
Залатыя імёны Васіль Філіпавіч Мухін з гэтых мясцін, Герой Савецкага Саюза, праслаўлены лётчык, які здзейсніў у Вялікую Айчынную 340 баявых вылетаў, удзельнічаў у 77 паветраных баях! На «Гомсельмашы» ён працаваў у 1936–1938 гадах, у гэты ж час зачараваўся заняткамі ў Гомельскім аэраклубе. Уявіце, наколькі быў апантаны сваёй марай чалавек: пасля службы ў арміі, у 1941-м, скончыў авіяцыйную школу пілотаў і з ліпеня 1942-га на фронце. У ліпені 1943 года прыкрываў у паветраных баях славутага Івана Кажадуба. Падпалкоўнік Мухін служыў у арміі і ў пасляваенны час, скончыў вышэйшую афіцэрскую школу штурманаў. Пасля выхаду ў адстаўку восем гадоў працаваў на заводзе вымяральных прыбораў у Гомелі. Апрача медаля «Залатая Зорка» і ордэна Леніна, узнагароджаны чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі. Вёска Кунтараўка ўсяго ў 15 кіламетрах ад абласнога цэнтра. Прыемна, што добрым словам згадваюць тут людзі і другога славутага земляка, удзельніка Вялікай Айчыннай Аляксандра Аксёнава, вядомага не толькі ў Беларусі грамадскага і палітычнага дзеяча. Выпускнік Гомельскага педвучылішча, у 1941–1942-м быў у эвакуацыі ў Арэнбургскай вобласці, удзельнічаў у абароне Сталінграда – камандзір аддзялення, затым узвода. Пасля цяжкага ранення Аляксандра камісавалі, працаваў кіраўніком адукацыі ў Гаўрылаўскім раёне Арэнбургскай вобласці. У 1944-м вярнуўся на радзіму, стаў камсамольскім кіраўніком у Баранавіцкім раёне Брэстчыны, узначальваў Гродзенскі абкам, вырас да першага сакратара ЦК ЛКСМБ. Аляксандр Нікіфаравіч быў міністрам унутраных спраў БССР, узначальваў Віцебскі абкам КПБ. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, старшыня Саўміна БССР, старшыня Дзяржкамітэта СССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, гэты чалавек не раз бываў на малой радзіме, адкуль родам яго матуля.
Землякі расказалі, што даўней паблізу Кунтараўкі былі хутары-пасёлкі, якія пазней фактычна зліліся з вёскай. З аднаго з такіх хутароў, па згадках Клімаўскага, і Аксёнаў. Нам падказалі: зараз у вёсцы гамяльчанка-дачніца Ніна Хадзькова, ветэран працы, пляменніца Аксёнава. Пазнаёміліся з гэтай абаяльнай жанчынай, былой работніцай гомельскага прадпрыемства «Каскад». Ніна Фёдараўна захапілася на заслужаным адпачынку работай на зямлі, даглядае сад на прыдбанай сядзібе, вырошчвае безліч кветак, маліну, клубніцы. Па словах вяскоўцаў, у 1911 годзе ў Кунтараўцы быў пажар, які знішчыў шмат хат. Таму ўсёй грамадой людзі збіралі ў той час грошы, каб набыць так званую брацкую ікону са свячой. Абходзілі вёску з ёю на Пакроў Прасвятой Багародзіцы – храмавае свята. З гісторыі вёскі Вядома з XVIII стагоддзя як пасяленне ў Гомельскім старастве Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З 1772 года ў складзе Расійскай імперыі, гэтымі землямі валодаў памешчык Казлоў. Была Кунтараўка і вёскай Веткаўскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерніі. З пачатку 1880 года тут працаваў хлебазапасны магазін. У 1897-м меліся капліца, два хлебазапасныя магазіны, два ветраныя млыны, было 114 двароў, 748 жыхароў. У 1909-м у вёсцы адкрылася школа. Цэнтрам Кунтараўскага сельсавета Веткаўскага раёна Гомельскай акругі вёска стала 8 снежня 1926 года. У 1929-м тут стварылі калгас «Чырвоны баец». У час Вялікай Айчыннай фашысты спалілі 30 двароў. На франтах загінулі 155 жыхароў. У 1959-м гэтыя землі ў складзе калгаса «Радуга», меліся пачатковая школа, клуб, ФАП, пражывала 425 чалавек. Зараз у Кунтараўцы 78 жывых хат, 48 жыхароў, з іх 26 працаздольнага ўзросту, 15 пенсіянераў і 7 дзяцей. Слаўны працай сваёй Пра гэта нам паведаміў Ілля Пуцькоў: гамяльчанін прыехаў, каб падтрымаць цяпло роднага гнязда, у якім дажывалі свой век яго маці і старэйшая сястра. Ілля Уладзіміравіч – дзіця вайны, 1942 года нараджэння, падзяліўся, што яго бацька прапаў без вестак на Вялікай Айчыннай. Траіх дзяцей падымала маці, атрымаўшы пахавальную на свайго Уладзіміра Абакумавіча. Зараз яго сын ужо дзядуля трох унучак і праўнука Андрэйкі, для іх захоўвае ва ўласнай бібліятэцы кнігу-хроніку «Памяць» Веткаўскага раёна. 40 гадоў з 46 працоўнага лёсу Іллі Пуцькова звязаны з упраўленнем механізацыі № 11 «Гомельпрамбуда». Стараннай працай машыніст аўтакрана заслужыў ордэны Працоўнай Славы 1-й і 2-й ступеняў. З жонкай Марыяй, былой работніцай кабельнага, падшыпнікавага заводаў і фабрыкі «8 Сакавіка», кватэру атрымалі ў цэнтры Гомеля. Ды Кунтараўка, дзе прайшло маленства, прыцягвае гаспадара і зараз. Вось і такі ўзор годнага жыцця! – Я сам збудаваў гэту хату, – падзяліўся з намі 82-гадовы Іван Козінаў, запрашаючы да сябе пагрэцца.
Дыхтоўная, светлая сваімі вокнамі, з іканастасам у куце, яна для Аляксандравіча нібы жывая істота. У сёлетнюю зіму, якая больш нагадвае познюю дажджлівую восень, і выходзіць на вуліцу асабліва не хочацца. Дзядзька Іван рамантаваў у хаце пілу. – Без справы ж сядзець не будзеш, – пазначыў былы муляр, які аддаў рабоце на шклозаводзе і ў будаўнічых арганізацыях Гомеля каля 37 гадоў. А мы падумалі: цудоўны працоўны прыклад для дарослых унукаў Дзімы і Яраслава, якія любяць гасцяваць у дзядулі. Як адзін дзянёк Уладзімір і Галіна Кабыш з вуліцы Савецкай сёлета 3 верасня адзначаць 40-годдзе вяселля. Сустрэнуць юбілей у роднай вёсцы, куды вярнуліся жыць, пакінуўшы двухпакаёўку дзецям у абласным цэнтры. Муж і жонка з тых, хто працоўны шлях пачынаў у калгасе, а потым падаўся ў горад, перакваліфікаваўся ў рабочыя. Уладзімір Уладзіміравіч вырас да токара пятага разраду ЖКУ «Гомсельмаша», Галіна Іванаўна рупілася кранаўшчыцай у ліцейцы завода ліцця і нармаляў.
– З вокнаў хаты цесця, у якой мы жывём, бачна вунь тая, невялічкая, у якой я нарадзіўся, – дзеліцца гаспадар. – А гэты дом колісь будаваў чалавек з Лапаціна, хораша зрабіў, надзейна. Вось і вярнуліся мы з жонкай да сваіх каранёў. Гаспадыня свайго Уладзіміравіча пяшчотна называе Самадзелкін. Упэўніліся: заслужана. Ён сам зрабіў з запчастак трактарок, на якім можна не толькі ўзараць соткі, але і… дровы секчы. Так у клопатах на зямлі, за доглядам курэй, качак праходзяць будні, якія і набліжаюць Кабышаў да юбілею вяселля. Дачнікі Шыкоўны рыжы кот прывабіў нас у двор аднаго з дамоў. «Гэта наш Філя», – пазнаёміў гаспадар Аляксандр Разуванаў, былы геолаг-геадэзіст, ураджэнец пасёлка Грыва, што ў кіламетрах чатырох адсюль. Падзяліўся, што дзесяцігоддзе таму з жонкай набылі дом для дачы і шчыруюць на зямлі, трымаюць коз, курэй. Адзін з сыноў, прадпрымальнік Юрый, жыве тут жа, у Кунтараўцы, старэйшы, Сяргей, працуе дырэктарам свінакомплекса на Брэстчыне. Дачка Ірына – выкладчык у Гомельскім медуніверсітэце. Падумалася: такую сям’ю паважаюць і ў вёсцы, і ў горадзе. Сваёй працай людзі ладзяць будучыню роднай зямлі, годна працягваюць славу яе герояў мінулых часоў.