Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці
У мерапрыемстве прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады, уключаючы старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі інтэграцыйных структур, перапрацоўчых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.
Прэзідэнт запатрабаваў захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей
Кіраўнік дзяржавы ўважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на неабходнасці развіваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей. «Мяне ўсё ж такі непакоіць, што будзе там, ці захаваецца вёска ў Віцебскай вобласці? Мяне як Прэзідэнта гэта непакоіць. І людзі цікавяцца. Гэта галоўнае, гэта — аснова».
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў абавязкова захаваць вёску і ўлічваць інтарэсы людзей пры правядзенні любых пераўтварэнняў. Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася стварэння спрыяльных умоў, каб прыцягваць на работу ў інтэграцыйныя структуры прафесіяналаў, якія могуць наладзіць эфектыўную работу. «Яны ж сілай не пойдуць, — сказаў ён. — Вы з імі дамоўцеся. А дамовіцеся, калі ім добра заплаціце, за зарплату. Недзе, можа, і кватэру даць. Спецыялістам трэба плаціць. Спецыялісты ва ўсім свеце вельмі дорага каштуюць. Знайдзіце не сваякоў, не сыноў, не палюбоўніц, не палюбоўнікаў, а добрых спецыялістаў і накіруйце туды».
Прэзідэнт Беларусі папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, каб ніхто не спрабаваў адседзецца, а ўсе неслі персанальную адказнасць. «Вы сабраліся сюды не для таго, каб адмаўчацца: вось скажу, а заўтра мяне выганяць… Ніхто нікога не выганіць, калі вы будзеце нармальна працаваць. А калі нехта асмеліцца гэта зрабіць, то ён сам будзе выгнаны з гэтай вобласці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ніякіх надбудоў і магчымасць прыватызацыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады па развіцці АПК Віцебскай вобласці запатрабаваў «ісці ад зямлі» і разумна развіваць ужо існуючыя інтэграцыйныя структуры. «Таму пачынаем знізу — з зямлі. Калгасы, саўгасы павінны быць пакуль, — падкрэсліў беларускі лідар. — Улічыце сацыяльную базу — клубы, магазіны, школы… З Віцебска будзеце кіраваць? Таму захавайце калгасы гэтыя і саўгасы тэрытарыяльна і арганізацыйна, як яны ёсць, з разліковымі рахункамі. Інтэграцыйная структура на чале — гэта сыравінныя зоны па малаку і мясе. Яны павінны працаваць на вас. Ад сыравінных зон мы не адмовімся», — дадаў Прэзідэнт.
«Ніякіх надбудоў. Што датычыцца даўгоў і іншага, калі нават мы іх адтэрмінуем, але кожны год кроўю і потам вы будзеце зарабляць грошы і дакладваць аб якім-небудзь прыросце. Гэта датычыцца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцей, і іншых. Дурніцы, мужыкі, больш не будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. «Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе які-небудзь інвестар і дасць нейкую капейку», — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на асабістым вопыце ў свой час пераканаўся ў магчымасці паспяхова развіваць нават стратныя гаспадаркі: «Я ведаю, як у такіх гаспадарках працаваць. Калі ёсць у вас жаданне, значыць, будзе толк. А калі вы будзеце соплі распускаць і займацца незразумела чым, і з абеду вас ужо на рабоце не знайсці… Тады нічога не будзе. Таму пачынайце працаваць».
Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем’і: «Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў — будзе вынік».
«Па-старому жыць нельга больш», — рэзюмаваў беларускі лідар.