Дзе каза ходізць…
Час Калядаў — непаўторны. Асабліва сёлета, калі выдаліся такія прыгожыя зімовыя дні.
— Тук, тук, тук! — з заміраннем у сэрцы пытаюцца ў гаспадароў пасланцы Божыя — калядоўшчыкі.
Гучаць веткаўскія калядныя хіты: «Ластаўка-шчабятушачка», «Мы не волки, мы не звери…», ды многія-многія іншыя, а таксама — пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту.
У час Калядаў мы робімся лепшымі, больш уважлівымі адзін да аднаго. Інакш, відаць, і немагчыма. Бо гэты час напоўнены пераасэнсаваннем найвялікіх цудаў і святаў — Раства і Хрышчэння Гасподняга.
Ужо ў гэты час гаспадары задумваюцца: якім жа будзе ўраджай сёлета?
Даўней у Шчодры вечар гаспадар дома, а пасля яго — гаспадыня падыходзілі з лыжкай каляднай кашы-куцці да акна, стукалі ў яго і гукалі: «Мароз, мароз! Хадзі куццю есці! Не марозь нашыя яблыні, грушы, агуркі, гарбузы, бульбу… а не то — будзем цябе жалезнымі пугамі сеч!»
10, 11 студзеня дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пётр Міхайлавіч Цалка ды Ірына Аляксандраўна Юдзіна, навуковы супрацоўнік музея, завіталі да дзяцей у веткаўскія яслі-сады, да вучняў малодшых класаў СШ №1 г. Веткі, гімназіі з аповедам пра Каляды, паказалі п’есу «Ірад» (батлеечнае прадстаўленне).
Дзеці і дарослыя Мароза гукалі, радаваліся прыгожай каляднай зорцы… Песню спявалі: «Го-го-го, каза, го-го-го, шэрая…», «Калядкі» слухалі і расказвалі… цукеркамі частаваліся — усе разам свята стваралі.
Трэба было бачыць, якой радасцю свяціліся вочы дзяцей, асабліва тых, каму пашчасціла быць «казой», «павадыром», «мядзведзем». «Мядзведзь» паказваў, як цеста месяць, ваду носяць, на дзяцей сварацца. «Каза» падала-памірала. На вялікую радасць для ўсіх праз некалькі хвілін ажывала, бо, вядома ж, — без яе няма надзеі на ўраджай, дабрабыт, шчаслівае жыццё:
Дзе каза ходзіць — там жыта родзіць!
Дзе каза нагой — там жыта капой!..
Дзе каза рогам — там жыта стогам!
Ларыса РАМАНАВА.