Вучымся быць гаспадарамі на сваёй зямлі

Яслі-сады №1, №3, №4 г. Веткі, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці і Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава — даўнія сябры і калегі. Больш за дваццаць гадоў выхаванцы дзіцячых дашкольных устаноў наведваюць музейна-педагагічныя заняткі Школы старажытнай і сучаснай народнай культуры «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!», якая дзейнічае пры музеі, знаёмяцца з мясцовай духоўнай і матэрыяльнай культурай.

Самае найлепшае месца правядзення — гэта, вядома, музейныя экспазіцыі. С.І. Лявонцьева, Г.І. Лапацін, В.В. Афанасьева, І.А. Юдзіна, Л.А. Новікава, Л.Д. Раманава, расказваючы пра тую ці іншую з’яву культуры, карыстаюцца багаццем фондаў Веткаўскага музея. Дзеці маюць магчымасць убачыць і тыя экспанаты, якія рэдка выстаўляюцца. Заняткі ў форме лекцый праводзяцца таксама ў памяшканнях дашкольных устаноў.

Вынікам сумеснай адукацыйна-выхаваўчай працы музея і ясляў-садоў райцэнтра стала перамога (дыплом II ступені) ў Міжнародным конкурсе аўтарскіх метадычных распрацовак у галіне дашкольнай педагогікі, які адбыўся ў Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце ў межах ХI Фестываля навукі ў Маскве. Журы конкурса адзначыла занятак «Птушкі — нашы сябры. Вітаем птушак!..», распрацаваны Л.Д. Раманавай, вядучым навуковым супрацоўнікам музея, і А.В. Пічухой, намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі. Занятак праводзіўся дагэтуль ва ўсіх веткаўскіх яслях-садах, як і многія іншыя: «Каляды на Веткаўшчыне», «Жніўныя абрады», «Расліны і дрэвы ў абрадах», «Неглюбскія ручнікі»…

Новы інтэрактыўны праект для дзяцей «Спазнаю гісторыю рукамі» — шыкоўны падарунак Веткаўскага музея выхаванцам дзіцячых ясляў-садоў, вучням СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі, гімназіі, жыхарам і гасцям горада — усім тым, хто любіць нашу зямлю і цікавіцца яе далёкім і блізкім мінулым. Так, у гэтай экспазіцыі можна убачыць амаль поўнасцю захаваны, вельмі прыгожы гліняны збан, знойдзены на ўзбярэжжы Сожа (каля самой Веткі), які датуецца 17 стагоддзем, і костку маманта — асцюкаваты пазванок, знойдзены таксама ў Сожы. Яму налічваецца аж 20-24 тысячы гадоў. Прыкладна столькі ж (24 тысячы гадоў) першабытнай стаянцы, Бердыжу (урочышча знаходзіцца ў суседнім, Чачэрскім раёне). Гэтыя рэчы трапілі ў музей у 2018 годзе, як і гліняныя гаршкі (некаторым з іх — 2-3 тыс. гадоў да н.э.), знойдзеныя падчас беларуска-расійскіх археалагічных раскопак каля вёскі Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Раскопкі праводзяцца на працягу апошніх пяці гадоў. У экспазіцыі можна ўбачыць копіі гліняных гаршкоў, знойдзеных на тэрыторыі Веткаўскага раёна, якія датуюцца, зноў жа, часам эпохі бронзы. І, вядома ж, прадстаўлены сучасныя неглюбскія (і не толькі) ручнікі, узоры на якіх — амаль тыя ж, што і на гаршках, узростам у некалькі тысяч гадоў…

Экспазіцыя дапамагае зразумець, якім чынам з  развіццём аграрнай культуры развівалася і арнаментацыя керамікі, прасачыць на прыкладзе артэфактаў аднаго рэгіёна ні многа ні мала — гісторыю развіцця земляробчай індаеўрапейскай культуры, убачыць, як на працягу тысячагоддзяў мяняліся спосабы атрымання мукі, спасцігнуць сэнс асобных мясцовых абрадаў, уяўленняў, звязаных з сяўбой і жнівом…

Самае цікавае, што тысячагадовыя ўзоры, сімвалы, знакі, якімі нашы продкі ўпрыгожвалі, надавалі ахоўныя якасці посуду, адзенню і тканінам, захаваліся і жывуць у нашым часе. Варта згадаць багатую, знакамітую неглюбскую традыцыю ткацтва, якая, нягледзячы ні на што, жывая сёння (болей чым 200 назваў узораў — на адных толькі тканых ручніках).

Знаёмства з экспазіцыяй «Спазнаю гісторыю рукамі» распачалося з верасня 2018 года.

Для выхаванцаў дзіцячых садоў уваход — бясплатны, для школьнікаў кошт наведання — 1 руб. 50 кап.

…Перад намі, акрамя ўсяго іншага, — дажынкавы вянок і «хрэст», зроблены з жытніх каласоў і чырвоных нітак, ступа, жорны, мука і зерне, верацёны, лён і воўна, птушка, зробленая з саломы…

Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з назвамі старажытных прылад працы, з іх прызначэннем. Асвойваюць дзеі-прыёмы старажытных заняткаў-прафесій: ганчара, мастака, млынара, пекара, сейбіта і адну з самых «маладых» — археолага. Дакранаюцца рукамі да гліны (услухоўваюцца, як гліна «шэпча», калі яе замешваюць у вадзе), да воўны, лёну, тканіны, паперы, пяску, мукі і зерня, коласа, алоўка. Углядваюцца, як прарослае зярнятка карэньчыкам урастае ў мокрую гліну, а растком, сцяблінкай узрастае ўверх. Птушынам пяром, рыбінай костачкай, пруцікам, каласком ды іншымі прадметамі (і спосабамі) наносяць узоры на гліну (як гэта было ў даўніну), малююць з натуры гаршкі, збаны, аздабляючы іх крыжыкамі, ромбамі, іншымі знакамі.

Нездарма дзяцей называюць маленькімі філосафамі. На адным малюнку — гаршчок, на ім — мноства авалаў. «А што — гэта?» — пытаюся ў сямігадовага аўтара. — «Бульба варыцца!» Праз некалькі хвілін над гаршком хлопчык малюе хвалістыя вертыкальныя лініі. «Гэта — што?» — «Пара над бульбай!»

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.