Ільготныя крэдыты маладым спецыялістамі
І без таго якасная падтрымка маладых спецыялістаў падмацоўваецца магчымасцю атрымаць ільготны крэдыт на набыццё тавараў першай неабходнасці. Займаецца крэдытаваннем ААТ «ААБ Беларусбанк». Аб усіх асаблівасцях фінансавай дапамогі расказала галоўны спецыяліст службы рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБУ №308 філіяла 302 ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Новікава.
Ільготны крэдыт — гэта разавая субсідыя, на атрыманне якой малады спецыяліст мае права на працягу двух гадоў пасля заканчэння навучальнай установы і размеркавання на першае месца працы. Яе памер — 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму, або 3205,05 рубля (па 31 кастрычніка 2018 года — далей мінімум будзе пералічвацца ў бок павелічэння). Вярнуць сродкі банку неабходна праз пяць гадоў. Пры гэтым працэнтная стаўка па крэдыце складае чвэрць ад стаўкі рэфінсавання, або 2,5% гадавых (па стане на 24 жніўня). Першы плацёж неабходна ўнесці праз паўгода пасля заключэння дагавора з банкам.
Галоўная асаблівасць крэдыта для маладых спецыялістаў — безнаяўная форма атрымання. Іншымі словамі, «жывых» грошай банк не дае. Але ён згодна кошт-фактуры можа аплаціць выбраныя ў магазіне тавары. Усе яны, напомніла Наталья Новікава, павінны быць айчыннай вытворчасці. Набыць можна амаль усё — ад мэблі і бытавой тэхнікі да адзення, абутку і посуду.
— Каб атрымаць крэдыт, маладому спецыялісту неабходна знайсці двух адказных людзей, якія змогуць стаць яго паручыцелямі. Усе яны павінны падрыхтаваць копіі пашпартоў і даведкі з месца працы аб сваіх даходах. На месцы паручыцелі даюць згоду стаць даверанымі асобамі. Тут жа, у банку, афармляюцца заява і анкета на выдачу крэдыту. Пасля прад’яўлення рахунка-фактуры адбываецца пералік сродкаў на рахунак магазіна. І ўжо тады выбраны тавар дастаўляецца па адрасе. Вось такі просты механізм сумеснай работы, — заключыла спецыяліст.
Як паказвае практыка, ні адзінаму маладому спецыялісту банк не адмовіў у атрыманні крэдыту. Таму ён карыстаецца вялікім попытам.