В Ветковской центральной библиотеке состоялась встреча с Эдуардом Акулиным

люббелНа пачатку траўня, перад Радаўніцай, у Веткаўскай цэнтралізаванай бібліятэцы адбылася сустрэча чытачоў з вядомым беларускім бардам, паэтам, нашым земляком Эдуардам Акуліным. На памяць аб ёй прыхільнікам яго творчасці засталіся кнігі, падараваныя Эдуардам Аляксандравічам бібліятэцы: «Берагі майго юнацтва» — зборнік ранніх вершаў Анатоля Сыса і «Бой з сабой. Творчы партрэт паэта Эдуарда Акуліна» — кніга, створаная літаратуразнаўцам Алесем Бяляцкім.

Вядома, не перакажаш у кароткіх нататках усхваляваны аповед паэта пра падзеі, звязаныя з вучобай, літаратурай, пра з’яўленне новай кнігі Анатоля Сыса, якім дзяліўся на сустрэчы Эдуард Акулін. Як не перакажаш словы цудоўных песень, якія ён спяваў.

Анатоль Сыс, Алесь Бяляцкі, Эдуард Акулін разам, прыкладна ў адны і тыя самыя гады, вучыліся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Разам ездзілі ў будатрад «Пунцовыя ветразі» у в. Бабчын Хойніцкага раёна ў 1980 годзе. Многа было агульных супольных спраў — у студэнцкія гады і пазней, — зробленых для развіцця беларускай культуры. Сябравалі ў маладосці. Сяброўства засталося на ўсё жыццё.

Зямное жыццё Анатоля Сыса спынілася 4 мая 2005 г. Як ніхто, паэт любіў жыццё, людзей, асабліва землякоў, і сваю краіну. Пасля таго, як яго не стала, штогод  у роднай вёсцы Анатоля Сыса — Гарошкаве (Рэчыцкі раён) — адбываецца Свята беларускай паэзіі, прымеркаванае да дня яго нараджэння (26 кастрычніка 1959 г.). Анатоль Сыс і зараз жыве ў вершах — таленавітых, геніяльных, бо ў іх пакінуў частку сваёй душы. На многія з іх створаны цудоўныя песні, якія выконваюць беларускія барды (Вольга Цярэшчанка, Кася Камоцкая, Андрэй Мельнікаў, інш.). Вершы паэта, нібы магніт, прыцягваюць тых, хто здольны адгукнуцца на чужы боль, каму дарагая зямля бацькоў.

Паэт ганарыўся сваёй вёскай і хацеў звярнуць увагу іншых на яе старажытнасць, на пракаветнасць гэтага месца.

У 2014 і 2015 гадах каля Гарошкава праводзіліся даследаванні зарубінецкага могільніка — адбывалася сумесная беларуска-расійская Паўднёва-Беларуская экспедыцыя археолагаў з Веткі і Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія). У 2014 годзе навукоўцы даследавалі 9 пахаванняў і 9 ям, якія адносяцца да верхнядняпроўскага варыянта зарубінецкай культуры. Падчас раскопак была сабрана невялікая калекцыя прадметаў. Гэта — лашчоныя місы, круглая падковападобная фібула (металічная шпілька для адзення), мноства шкляных рознакаляровых пацерак, бляшкі, жалезны наканечнік кап’я ды інш. Усе гэтыя рэчы датуюцца  канцом 1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Людзі, якія выкарысталі іх у пахавальных абрадах, жылі на гэтай тэрыторыі прыблізна 2000 гадоў таму назад.

У 2015 г. падчас раскопак каля Гарошкава былі знойдзены надзвычай прыгожыя вачыстыя — (глазчатые — руск.) пацеркі цёмна-сіняга колеру. На іх — авалы белага колеру, якія, сапраўды, нагадваюць вочы. Гэтыя пацеркі экспануюцца на выстаўцы «Дума па вясёлкавым мосце», якая наладжана супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава на філіяле музея ў Гомелі.

Асобныя рэчы продкаў, якія захоўвае гарошкаўская зямля, выпадкова знаходзілі мясцовыя жыхары, дарослыя і дзеці, дзівіліся іх незвычайнасці, часам прыносілі дахаты. Так, менавіта ў прасторы старажытнага Гарошкава нарадзіўся верш Анатоля Сыса «Хлопчык з пацеркамі»:

Гуляе з пацеркамі хлопчык,

а пацеркаў на нітцы пяць.

Парвецца нітачка аднойчы,

маністы долу паляцяць.

Адну здзяўбе паджары певень,

чатыры згубяцца ў мурог;

а бедны хлопчык на каленях

параніць руку аб нарог.

Многа ў Беларусі намоленых мясцін. Гэтыя мясціны дужа часта ўзгадваюць беларускія паэты, пісьменнікі. Да прыкладу: «У першы паэтычны зборнік Эдуарда Акуліна «Лес дзённага асвятлення» увайшлі вершы, напісаныя ім пераважна ў студэнцкія гады… Мне вядома, чаму першы зборнік паэта атрымаў такую назву. Неяк улетку мы ехалі да яго на радзіму, на бацькаўшчыну ў вёску Вялікія Нямкі, што на Веткаўшчыне. Мы праехалі вёску Свяцілавічы, і Эдуард паказаў мне ў аўтобусным вакне прыгожы бярозавы гай. Каля гасцінца скрозь стаялі чыстыя, гонкія, маладыя бярозы. Яркая цнатлівая бель тонкіх берасцяных ствалоў сляпіла вочы. «Вось, — у захапленні сказаў Эдуард, — гэта мой лес дзённага асвятлення». Гэта — радкі з кнігі Алеся Бяляцкага «Бой з сабой» — унікальнага выдання як для Беларусі, так і для Веткаўшчыны. У кнізе акрамя падрабязнага разгляду творчасці Эдуарда Акуліна прадстаўлена вельмі шмат фотаздымкаў. Ёсць фотаздымак паэта, зроблены ў Ветцы ў 1979 г.; фотаздымак бацькоў Эдуарда Акуліна; фота з настаўнікам, Пятром Паўлавічам Раманавым; фота Эдуарда Акуліна і Сяргея Скачынскага, зробленае ў 1983 г., ды іншыя.

Людзі, якія любяць сваю зямлю, услаўляюць яе вершамі, песнямі (і не толькі) нараджаюцца і будуць нараджацца заўсёды:

…А каб яшчэ лепей з’яднацца з радзімай,

Карэннем глыбокім у ёй прарасту,

О, як ганаруся, што клічуць радзіміч,

Што маці сваёю заву Беларусь.

(Анатоль Сыс).

Веткаўцы, свяцілаўцы, чачэрцы,

З Хойнікаў, з Нароўлі, з Астрагляд…

Землякі мае, мы — чарнаверцы.

Веру нашу выдае пагляд.

(Эдуард Акулін).

Праца душы паэта адбываецца заўсёды… Ён — нібы тая пчала ў вуллі. Улетку — ноччу і ў дзень — пчолы не спяць: выбудоўваюць соты, пераствараюць салодкі нектар у дужа салодкі мёд. Гэтак жа нястомна паэты, паэты-барды пераствараюць рэчаіснасць, выбудоўваюць заўтрашні дзень: гучаннем і рэхам словаў, аккордаў, адкрываюць веліч Божага свету і супярэчнасці чалавечага жыцця.

…А храм у нас адзіны — Беларусь.

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.