Дом з вокнамі на захад
У Прысно ёсць асаблівая ўстанова —
аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў
ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання
Веткаўскага раёна”. Яно ўключае ў сябе
таксама сацпункт, які займаецца рознага кшталту дапамогай грамадзянам, у тым ліку
і гуманітарнай. Тут жа размешчаны
і крызісны пакой.
Часта гэту ўстанову называюць домам састарэлых. Але адрозненне тут істотнае: гэта не дом-інтэрнат, куды старыя і інваліды перасяляюцца на пастаяннае жыхарства. Нехта прыходзіць сюды перачакаць халодны час года, бо складана ацяпляць дом. Некаторыя проста не могуць ужо самі пра сябе як належыць паклапаціцца, наварыць ды памыць. Галоўнае адрозненне ў тым, што людзі могуць прыпыніць сваё знаходжанне тут у любы момант, вярнуцца дадому ці паехаць да сваякоў.
Але такую магчымасць выкарыстоўваюць нямногія. Большасць па-сапраўднаму адзінокія, ды і кантынгент тут, што ўтойваць, складаны.
— Нават часам проста цяжкі, — кажа загадчыца АКЗ аграгарадка Прысно Марыя Макеева. — Акрамя звычайных адзінокіх старых, шмат тых, хто добра налягае на спіртное. Праз гэта яны і пазаставаліся адны: паразбуралі свае сем’і, а на схіле гадоў прыйшлі ўрэшце да нас. Толькі дужа ў нас не пап’еш: 85% пенсіі ідзе на харчаванне, мыццё бялізны, мыйныя сродкі і ўсё, што выкарыстоўвае чалавек штодзённа. Канечне, гэтага недастаткова для стопрацэнтнага пакрыцця расходаў, таму астатняе даціруецца дзяржавай. А паколькі ў большасці нашых жыхароў пенсіі зусім невялікія, то на бюджэт кладзецца да паловы расходаў.
А што да выпівох, то, канечне, свіння бруду знойдзе: работнікі ўстановы не раз лавілі на спробах рабіць брагу. Папрасілі работнікаў магазіна, каб не прадавалі пражываючым “чарніла”. Сельскі гандаль паставіўся да праблемы з разуменнем. Але прыватнікі не прыслухаліся да просьбы. Мабыць, камерсанты рашылі не ўпускаць выгады. І ўсё ж Марыя Іванаўна трымае непуцёвых па магчымасці ў строгасці.
Канечне, да кожнага няньку не прыставіш. Але ў параўнанні з тым, што рабілася ў гэтым доме і вакол яго да ўзначальвання яго Марыяй Макеевай у 2003 годзе, неба і зямля. Зніклі горы зямлі, бур’яны, беспарадак. У пакоях зроблен выдатны рамонт. Яны нагадваюць хутчэй гасцініцу, чым бальніцу ці багадзельню. Загадчыца кажа, што з 2003-2005 гадоў, калі сюды прыйшоў працоўны касцяк, які бяссменна працуе і цяпер, многае зроблена. Пра “асноўны камандны састаў” установы расказвае яго загадчыца:
— Вялікая заслуга ў такім выглядзе памяшканняў нашага рабочага Аляксандра Кацубы. Сам клаў плітку, раўняў сцены, ставіў дзверы. Бачыце, у нас замест вялікіх, як вароты, старых дзвярэй (тут раней была паліклініка) стаяць цеплазберагальныя. І прыгожы рамонт на другім паверсе — таксама яго заслуга. Працуе ён тут ужо 8 гадоў.
Повар Ганна Хаўханава гатуе для старых не проста пяціразовы вітамінізаваны рацыён, а ўносіць нешта дамашняе ў сямідзённае стандартнае меню. Санітаркі па догляду Таццяна Мічкова, Таццяна Усава, Наталля Вараная працуюць, як кажуць, не па прымусу, а па сумленні.
— Выпадковыя людзі тут проста не затрымліваюцца: ні вялікіх заробкаў, ні прэстыжу. Глядзець старых і хворых можа толькі чалавек з немалым цярпеннем.
Прыснянскаму аддзяленню дапамагаюць і мясцовыя медыкі: урач Таццяна Краўцова і фельчар Таццяна Красоўская. У любы момант яны прыходзяць на дапамогу, не падзяляючы час на працоўны і вольны. Пра іх загадчыца аддзялення сказала нямала шчырых цёплых слоў.
Дапамагаюць установе і дабрачыннікі. Напрыклад, тэлевізар у падарунак атрыманы ад гомельскага сабора Пятра і Паўла. Па царкоўных святах сюды прыходзіць бацюшка.
Старыя тут розныя. І быццам бы асвечаныя божым святлом, і памежна заземленыя. Але клопат і строгасць патрэбны ўсім нават болей, чым мяккацелае шкадаванне, не падмацаванае дзеяннем. Як гаворыцца ў Святым Пісанні: “Па справам іхнім іх пазнаеце”. І справы работнікаў гэтага дома сведчаць, што іх дзеянні ідуць на карысць гэтым у нечым абдзеленым старым.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.