Унукі старой Шапакляк

http://www.vetkagolos.by/2015/11/18/unuki-staroj-shapaklyak
Статыстыка апошніх двух гадоў сцвярджае, што ў Гомельскай вобласці адбываецца рост хуліганства. Усплеск у 2013 годзе даў у наступным часе павелічэнне больш чым у два разы. Як сцвярджаюць праваахоўнікі і ўсюдыісны Інтэрнет, тэндэнцыя мае працяг.
Тое, што хуліганы не жартам распусціліся, веткаўчане пацвердзяць. Напрыклад, жыхары вуліцы Грамыка, якім у ноч з 1 на 2 лістапада давялося прачнуцца ад неверагоднага вэрхалу. У двары шматкватэрнага дома нумар тры пачуўся такі страшэнны шум, што ў начной цішыні здавалася, быццам бы адбываецца штурм будынка, не меней. Звон пабітага шкла, мацерная лаянка, крык гучалі недзе на працягу 20 хвілін. Нейкія маладыя людзі крушылі прыватныя аўто, прыпаркаваныя ў двары.
Людзі баяліся не толькі паглядзець, што там адбываецца, але і выклікаць міліцыю. Прычына? Можа, недастаткова адказная грамадзянская пазіцыя, трапна выражаная ў выслоўі пра «хату з краю». Або нежаданне потым фігураваць у пратаколах ды даваць паказанні, нажыўшы сабе ворагаў (калі правапарушальнікаў-такі затрымаюць). А можа, глянуўшы ў двор, што нішчаць не тваё, а чужое, суседзі проста пайшлі спаць?..
Міліцыю выклікаў уранні ўладальнік адной з дзвюх пабітых вандаламі машын.
Зараз, канечне, вядзецца следства, аналізуюцца паказанні жыхароў, якія маглі нешта чуць і бачыць. Ёсць нават запіс з камеры відэаназірання. Кола падазраваймых ужо звузілася, і трэба спадзявацца, неўзабаве яны будуць названы, хоць пакуль у інтарэсах следства канкрэтыкі міліцыя пазбягае.
Размова аб іншым. Аб прычынах і перадумовах, што спрыялі дадзенаму злачынству і росту цікавасці маладых да гэтага асацыяльнага «баўлення часу».
Па-першае, варта сказаць, што гэты двор, як і шмат якія па Ветцы, не можа пахваліцца хоць якім-небудзь асвятленнем. Не толькі ноччу, калі ліхтары выключаюцца, але і доўгімі і непрагляднымі восеньскімі вечарамі. Гэта хай і ўскосна, але ўплывае на рост злачыннасці. Месца нібы само прапаноўвае завітаць сюды крымінальным элементам.
Па-другое, менавіта веткаўскаму росту «хуліганкі» спрыяе позняя работа піцейных устаноў. Нават у буйных гарадах складана знайсці месца, дзе можна было б налівацца да трох гадзін ночы. А ў Ветцы — калі ласка. Такія месцы, несумненна, вабяць хуліганаў і іншы «любімы» міліцыяй кантынгент. Аддзел прафілактыкі Веткаўскага РАУС выказвае свае важкія довады супраць начных устаноў тыпу «сіні ліхтар» — месцаў прыцягнення рознага крыміналу. «І на што п’юць — незразумела: афіцыйных даходаў у заўсёднікаў гэтых месцаў няма, — кажа начальнік аддзела прафілактыкі Веткаўскага РАУС Аляксандр Пасячнюк. — Ведаючы праблемнасць гэтых устаноў, міліцыя ўключае іх у маршруты вячэрняга і начнога патрулявання».
Па-трэцяе, да крыміналізаваных элементаў у першую чаргу даходзіць, што насель-ніцтва не схільна звяртацца ў міліцыю, лічыць за лепшае цярпець і не высоўвацца.
Як выглядае сучасны нам хуліган? Ён значна пасталеў, раннепадлеткавымі рагаткамі мінулых гадоў не карыстаецца, літаратурнымі Мішкай Квакіным не натхняецца. Яму ад 20 да 35 гадоў, зазвычай беспрацоўны, жыве з бацькамі, мае праблемы з алкаголем, наведвае піцейныя месцы. Хобі — пакурыць, выпіць, часам камп’ютар ды яшчэ пашукаць прыгод. А пошук прыгод, выпадковасць ці спрыяльная сітуацыя могуць зрабіць з хулігана злачынцу.
Дарэчы, падбітыя машыны ў двары на вуліцы Грамыка — ужо не дробнае хуліганства. За зламыснае знішчэнне чужой маёмасці Кодэкс прадугледжвае зусім іншую адказнасць. Па такіх артыкулах адказваюць нават падлеткі.
Аналізуючы крымінальную статыстыку, лёгка заўважыць, што большасць злачынстваў і правапарушэнняў так ці інакш звязана з ужываннем алкаголю, яго продажам ці вырабам. Гэты каталізатар злачыннасці фігуруе ў большасці пратаколаў. Да прыкладу, з незаконнага абароту выведзена 2193 літра самагоннай брагі і самагону. У параўнанні з мінулагоднімі 5869 літрамі, канечне, менш. Але колькі яшчэ не ўдалося выявіць і канфіскаваць, загадка. Яшчэ праваахоўнікі выявілі 1029 літраў спірта і фальсіфікаваных спіртных напояў. У мінулым годзе іх было на парадак меней — 183 літры. Да адміністратыўнай адказнасці прыцягнута 16 грамадзян.
Па прафілактыцы п’янства праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Па прадухіленні незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі апрацоўваліся прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання. Выяўляліся парушэнні правілаў гандлю спіртным, факты распіцця алкаголю ў грамадскіх месцах і на вытворчасці, у тым ліку ў вячэрні і начны час. Па рэзультатах рэйдаў складзена 565 адміністратыўных пратаколаў, сярод якіх за дробнае хуліганства 169. Але год яшчэ не скончаны, наперадзе навагоднія святы, якія ў галіне п’янства абяцаюць толькі пагаршэнне статыстыкі.
Для забеспячэння аператыўнага рэагавання на паведамленні аб парушэннях антыалкагольнага заканадаўства арганізавана работа гарачай лініі «П’янству — не!», праводзіліся дзве акцыі «Дзень цвярозасці». Грамадзяне часта цікавяцца, ці даюць гэтыя меры адчувальны рэзультат? Начальнік аддзела прафілактыкі ўпэўнена сцвярджае: так, рэзультат адчувальны. Статыстыка паказвае, што ў дні, калі не прадаецца спіртное, правапарушэнні заўважна змяншаюцца.
Алкагольны след, што цягнецца за большасцю правапарушэнняў, прывёў 10 хранічных алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, справы іншых рыхтуюцца да разгляду. Некаторыя ж яшчэ не адбылі свой законны год у такіх установах. Выяздныя судовыя пасяджэнні павінны былі паўплываць на тых, чыя справа можа быць разгледжана наступнай. Міліцыя зазначае: некаторыя адумваюцца, тармозяць на самым краі ды больш не паўтараюць сваіх памылак. Іншыя ж не жадаюць нічога мяняць і не сыходзяць з заганнага кола да канца, вандруючы з лавы падсудных на зоны ды ЛПП.
Раённы аддзел міліцыі робіць свой унёсак у справу паляпшэння сітуацыі, у тым ліку і па алкагольнай тэматыцы: 30 выступленняў перад насельніцтвам і 30 выступленняў аб зробленым у працоўных калектывах, шэраг тэматычных мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку злачынстваў супраць пажылых, у сямейна-бытавой сферы, крадзяжоў маёмасці. І тым не менш праваахоўнікі лічаць, што працы па прафілактыцы павінна быць яшчэ больш.
Наракаюць міліцыянеры і на нізкую свядомасць грамадзян. Напамінаюць, што маўклівае назіранне злачынства — саўдзел гэтаму злачынству.
Вызначце самі, сам-насам перад сваім сумленнем, дзе вы маглі б паўплываць на паляпшэнне парадку ў вашым населеным пункце, ды не захацелі. Кампанент асабістай адказнасці кожнага такі ж неабходны складнік нашага спакою, як і дакладная работа міліцыі, і сумленна ўкручаная камунальшчыкамі КЖУП лямпачка над уваходам у ваш пад’езд, у ліхтар на вашай вуліцы.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.