Цікавае месца для вучобы


У эканоміцы Беларусі ёсць галіна, якой не пагражаюць ніякія закрыцці прадпрыемстваў. Яна ніколі не стане неактуальнай ці незапатрабаванай. Гэта сінтэтычныя тканіны могуць выйсці з моды, а радыёдэталі згубіць сваю актуальнасць. Лясная ж гаспадарка не страціць актуальнасці ніколі: лясы стаялі тысячагоддзямі і стаяць будуць, а іх «прадукцыя» ўласна некалі ўтварыла нашу цывілізацыю.
Прафарыентаваць моладзь з перспектывай на ўдалае працаўладкаванне ў будучым — задача сучаснай школы. Не сакрэт, што адукацыя апошніх дзясяцігоддзяў падрыхтавала столькі эканамістаў і юрыстаў, што абгрунтаваныя надзеі на ўладкаванне па спецыяльнасці ёсць толькі ў кожнага трэцяга-чацвёртага. Людзям, што маюць інжынерныя лясныя спецыяльнасці, такія непрыемнасці не пагражаюць. Народная гаспадарка краіны мае патрэбу ў «лясных» кадрах.
Лішні раз пераканацца ў гэтым і заадно пазнаёміцца з магчымым месцам вучобы было прапанавана вучням старэйшых класаў Стаўбунскага школьнага лясніцтва. Стаўбунскія школьнікі па ініцыятыве ўніверсітэта і прадстаўнікоў Веткаўскага спецлясгаса былі запрошаны наведаць факультэт лясной гаспадаркі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Прыём «вучнёўскай дэлегацыі» адбываўся на такім узроўні, быццам бы сустракалі навуковую канферэнцыю ці замежных гасцей. Школьнікаў прымалі ўсур’ёз, як будучых калег і размова вялася на роўных, без спрашчэння тэм і памяншальных суфіксаў. Выкладчыкі, дацэнты, кандыдаты біялагічных навук не зніжаючы планкі, але без залішняга пранікнення ў нетры тэрміналогій, падзяліліся сваімі тэмамі. Радыяэкалогія, мікалогія, лесаэксплуатацыя, механізацыя лесагаспадарчых работ, ахова лесу, лясная піралогія з асновамі радыяэкалогіі, лесавырошчванне, дэндралогія, глебазнаўства раскрылі для вучняў таямніцы сваіх значэнняў і прызначэнняў.
Верагодным абітурыентам факультэта распавядалі пра вучэбны, навуковы і нефармальны бакі жыцця біёлагаў. Выкладчыкі і студэнты розных курсаў апавядалі пра навучальны працэс, вытворчыя практыкі, напрамкі навуковых распрацовак, захапленні, пазавучэбную і валанцёрскую дзейнасць.
Студэнцкі відэафільм аб праходжанні практыкі на лясной базе ў Чонках выклікаў павышаную цікавасць: вучыцца, аказваецца, яшчэ і весела. Адчувалася таксама, што для выкладчыцка-студэнцкай часткі ўдзельнікаў мерапрыемства гэта крыніца добрых успамінаў, поўных эмоцый і ўражанняў. Загадчыца кафедры Марына Лазарава і выкладчык, дацэнт Мікалай Міцін відавочна акунуліся ў атмасферу тых клапатлівых і вясёлых дзён. Адно абліванне халоднай вадой чаго вартае. Ці «лясны капуснік», калі залік па лесаводству здавалі ў тэатралізаванай форме. Ці «Свята непаслухмянасці», калі вучэбным лагерам кіруюць студэнты. Авансам раздадзеныя добрыя эмоцыі ад летніх практык павінны былі перадаць тую прывабную аўру, што вітае вакол загадкавага для абітурыентаў звання студэнта-біёлага.
Тое, што біёлагі не нудныя «батанікі», школьнікам даказалі старшакурснікі. Абгрунтаванне свайго прафесійнага выбару і наколькі апраўдаліся надзеі на факультэт выклала Кацярына Шутава. Сяргей Радзівонаў расказаў пра кружкі таксэдэрміі (выраб чучалаў) ды інкрустацыі рознымі пародамі драўніны, мікалогіі (вырошчванне грыбоў), перамогі студэнтаў у розных рэспубліканскіх конкурсах. Віталь Саўчанка паведаміў аб валанцёрскім атрадзе, які займаецца пасадкай лесу, наведваннем пажылых людзей ды іншымі добрымі справамі. І ўсе зноў і зноў успаміналі практыкі ў Чонках. Адчувалася, што ім хацелася заразіць сваёй апантанасцю родным факультэтам юных гасцей.
Дзеці наведалі лабараторыі і спецыялізаваныя аўдыторыі ў некалькіх вучэбных карпусах, а напаследак і самую «засакрэчаную» — студэнцкую лабараторыю мікалогіі. «Бункер», «бамбасховішча», «Закрытая школа» — сыпалі асацыяцыямі школьнікі, калі спусціліся ў цьмяныя памяшканні, размешчаныя ў сутарэннях гарадскога аддзела адукацыі. Загадкавае лабараторнае начынне і захоплены аповед Вячаслава Труханаўца, міколага, дацэнта кафедры пра магчымасці вырошчвання грыбоў у закрытых умовах зачаравалі школьнікаў. Паколькі сбор грыбоў у іх месцах пражывання звязаны з абавязковым радыяцыйным кантролем, актуальнасць пытання павышаная. Задаволіць патрэбы Веткаўшчыны культурна вырашчанымі грыбамі было б вельмі няблага. А магчымасць такім спосабам вырошчваць яшчэ і бясцэнны трутавік лакіраваны, які мае шматтысячагадовую славу ідэальнага зберагальніка здароўя ды каштуе вялікіх грошай, дарэшты заінтрыгавала прысутных.
Ці шмат абітурыентаў з Веткаўшчыны прыйдзе на факультэт, пакажа час. Галоўнае, гэта будзе інфармаваны выбар.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.