Прызыў — гэта шанец
З той пары, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, нашы салдаты не ўдзельнічаюць у ваенных канфліктах, не служаць у гарачых кропках. Суадносна гэтаму мода на «адкасіць ад арміі» пайшла на спад. Канечне, тыя, хто служыць у войску не хоча, засталіся і складаюць нейкі больш-менш стабільны працэнт, які ёсць у любой дзяржаве ў любы час.
Зараз ідуць мерапрыемствы асенняга прызыву. Пачаліся яны ў жніўні, і для веткаўскіх прызыўнікоў працягнуцца амаль да канца лістапада трыма адпраўкамі да месцаў службы, з 16 па 27 лічбы месяца.
Сёлета, урэшце, як і ў апошнія гады, з Веткаўскага раёна ва ўзброеныя сілы пойдзе ня-шмат хлопцаў. Ужо вядома, што 15 прызыўнікоў адправяцца на тэрміновую службу і адзін на службу ў рэзерве. Лік прызыўнікоў, аднак, не канчатковы, бо працягваюцца медкамісіі, нешта мяняецца ў статусе магчымых салдат.
Як паведаміў начальнік абасобленай групы Веткаўскага раёна Добрушскага і Веткаўскага аб’яднанага ваеннага камісарыята маёр Андрэй Пяцяры, прызыў ідзе звычайным парадкам.
— Ці павысілася цікавасць да ваеннай службы, магчымасцяў ваеннай кар’еры?
— Заўважная неабыякавасць прызыўнікоў да падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, войскаў спецаперацый, дэсанту, пагранічных войскаў, у прыватнасці часці ўнутранных войск 32/14 Мінску, спецназа ў Мар’інай Горцы. Просяцца таксама быць вадзіцелямі, згодна набытым ужо ўменням. Аднак на большась такіх месцаў існуе немалы конкурс і строгі адбор. У прэтэндэнта не павінна быць ніякага адміністратыўнага і тым больш крымінальнага мінулага. Тое, што здавалася ў дзяцінстве дробяззю, можа негатыўна паўплываць на будучыню: улік у камісіі па справах непаўнагадовых, адміністратыўны акт за знаходжанне ў нецвярозым стане, удзел у бойцы ставяць крыж на мары аб элітных войсках. Нават таго, хто мае лаяльнае мінулае і добра прайшоў тэставанне, начальнік ваеннай часткі можа не ўзяць, абапіраючыся на ўласнае пачуццё.
У гэтым паўгоддзі фарміруецца тры брыгады спецназа. Сем чалавек мяркуецца накіраваць у аб’яднаны вучэбны цэнтр пад Барысавым, у знакамітыя Печы, і асобную чыгуначную брыгаду ў Слуцк. Атрымаўшы ваенную спецыяльнасць, салдаты размяркуюцца па часцях.
— Такім чынам можна казаць пра тое, што эфектыўнасць беларускага войска расце не за кошт пашырэння, а за кошт паляпшэння кадравага саставу. А гэта і ёсць умацаванне арміі, аб неабходнасці якога казаў Прэзідэнт. Што акрамя звычайнай службы прапаноўвае ваенкамат магчымаму навабранцу?
— Альтэрнатывай прызыву на тэрміновую службу можна выбраць адразу службу па кантракце. Першапачатковы кантракт заключаецца на 2 гады. Адрозненне ад тэр-міновай службы ў тым, што чалавек не знаходзіцца на казарменным становішчы, а ходзіць на службу, як грамадзяне ходзяць на работу, і атрымлівае за службу зусім іншыя грошы. Плюс магчымасць працягнуць свой кантракт далей, выбраць у якасці кар’еры. Мы кожны раз нагадваем пра такую магчымасць тым, у каго ў родных мясцінах не дужа багата з перспектыўнымі працоўнымі месцамі.
Прызыўнік мусіць сам парупіцца аб месцы службы як аб месцы працы, можа сам пашукаць часць, якая яго возьме. У гэтым годзе наш прызыўнік 1991 года нараджэння, які мае вышэйшую адукацыю, уладкаваўся на добрую кантрактную службу ў па-гранічныя войскі.
У тых, хто не атрымаў адукацыю, пасля першага тэрміну кантракта (недзе года-двух) ёсць магчымасць паступіць на завочнае аддзяленне ВНУ або абраць школу прапар-шчыкаў. Пасля двух гадоў кантракта і курсаў можна прэтэндаваць на афіцэрскую пасаду, калі дазваляе адукацыя. Тут у плюсе выпускнікі навучальных устаноў з ваеннай кафедрай. Час службы залічваецца ў агульны працоўны стаж.
Магчымасць пабудовы жылля пад 5% і права на пенсію з 45 гадоў таксама немалыя прэферэнцыі. Да таго ж служба — гэта яшчэ і магчымасць паглядзець Беларусь і краіны, дзе беларуская армія ўдзельнічае ў міжнародных вучэннях, нешта змяніць у жыцці.
— Тады да каштоўнасці чыстай біяграфіі, верагодна, далучаецца і каштоўнасць узорнага здароўя?
— Так, патрабаванні да прызыўнікоў растуць увесь час, а рэальная якасць не паляпшаецца. Тое ж можна сказаць і аб маральна-дзелавых якасцях. Вопыт мінулых гадоў паказвае, што прапорцыя праходжання медкамісіі на прэстыжныя спецыяльнасці складае 1:5. Часцей за ўсё гэта праблемы з сэрцам, пазваночнікам, зрок навабранцаў таксама не паляпшаецца. Вельмі часта бывае, што да прызыўной камісіі малады чалавек нават не падазраваў, што ў яго ёсць праблемы са здароўем. Дыспансерызацыя, якую часта ігнаруюць, можы выявіць і самыя небяспечныя хваробы і даць шанец на выздараўленне.
— А як служаць тыя, што атрымалі адтэрміноўку па сямейных абставінах ці для заканчэння вучобы?
— У гэтым годзе пойдзе служыць адзін рэзервіст. Схема тут наступная: служаць недзе 4-6 разоў па 40 дзён, у залежнасці ад наяўнасці ў асобы вышэйшай адукацыі і плана падрыхтоўкі той вайсковай часці, дзе будзе праходзіць служба. Служба праходзіць без звычайных на тэрміновай службе нарадаў як мэтанакіраваная падрыхтоўка па пэўнай ваеннай спецыяльнасці.
— Рэформамі ў беларускай арміі з нядаўняга часу былі аб’яднаныя раённыя ваенкаматы малаколькасных раёнаў: Чачэрскага і Буда-Кашалёўскага, Акцябрскага і Светлагорскага, Добрушскага і Веткаўскага і г.д. Што-небудзь карэнна змянілася?
— Практычна толькі колькасны склад у бок памяншэння: з 22 да 14 райваенкаматаў. Гэта частка планаў па аптымізацыі дзейнасці арміі, павелічэнню яе эфектыўнасці. У астатнім жа ўсё будзе як раней. Пазіцыя Прэзідэнта і галоўнакамандуючага — скіраванасць нашых узброеных сіл толькі на абарону нашай дзяржавы, няўдзел у знешніх канфліктах. Таму пашырэння колькаснага складу і не патрабуецца. Пажадана, каб рос якасны патэнцыял прызыўнікоў і арміі наогул.
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.