Колькі слядоў на снезе!

Kolki_slyadoy_na_sneze

Ёсць вобразнае выказванне: зямля — цёплая слядамі нашых продкаў. Колькі было пратаптана сцежак, выхаджана дарожак-пуцявін на зямных абшарах! Год ад году знікаюць старыя, пракладваюцца новыя. Так было, ёсць і будзе. У Веткаўскім раёне жывуць шэсць чалавек, якім споўнілася 100 гадоў і нават болей. Гэтыя людзі на сваім жыццёвым шляху перажылі дзве сусветныя вайны, былі сведкамі многіх гістарычных па-дзей. У 1905 годзе нарадзілася Домна Сцяпанаўна Чуяшова, жыхарка в. Стаўбун. Яна — старэйшая сярод усіх жыхароў Веткі і Веткаўскага раёна. Еўфрасіння Іванаўна Калугіна і Варвара Фёдараўна Шарманава нарадзіліся ў 1913 годзе, жывуць у Свяцілавічах. Іх аднагодак, Андрэй Іванавіч Цейкін, удзельнік 2-ой Сусветнай вайны, жыве ў в. Радуга. Еўдакія Аляксандраўна Герасіменка, 1911 г.н., жыве ў в. Неглюбка. Самы ж багаты на гады чалавек у Ветцы — Марыя Іванаўна Клюева, 1911 г.н. Увосень гэтага года, на Здзвіжанне, ёй споўнілася 102 гады.
У памяці Марыі Іванаўны захаваліся падзеі, якія былі вельмі даўно. На той момант, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было трыццаць гадоў. Так здарылася, што ў ваенныя гады Марыя Іванаўна жыла ў “старожцы” — так яна назвала капліцу, якая стаяла даўней на веткаўскіх стараабрадніцкіх могілках. Капліца, па яе словах, “была двухкварцірная … гэта хата была на дзве палавіны.” І ў пасляваенны час, у 1950-ыя гады, у капліцы яшчэ жылі людзі. Цяжка, амаль немагчыма ўявіць, якім было жыццё гэтых людзей у страшны ваенны час ды яшчэ ў такім незвычайным месцы. Марыя Іванаўна памятае, як у першыя дні прыходу фашыстаў у Ветку на яе вачах яны застрэлілі веткаўчаніна-стараабрадца.
“Я як цяпер на яго гляджу, — расказвае Марыя Іванаўна. — Машына падвязла… Маскаль быў — Саламат. І з ім чатыры чалавекі было, ці тры. Завялі ўсіх за вароты кладбішча, направа, і ўсіх расстралялі. Ён крычаў: “Я не вінаваты!” Нашы людзі пазней прыйшлі, пахавалі іх. На кладбішчы пасля вайны ўвесь час насілкі былі. Стаялі паўз забор. Чорныя такія, падобныя на стол без крышкі. А тут, зверху — кованыя кольцы. Ножкі былі — прама стаўбы, тоўстыя такія. Галоўкі былі жоўценькія на насілках. Гроб клалі на насілкі і няслі да ямы. Гэтыя насілкі і кольцы на іх будуць помніць дзеці веткаўскія, пасляваенныя… Дзе яны падзеліся? А хто іх ведае! Можа, паразбівалі ці папалілі. Вароты, як заходзіць на кладбішча, былі да вайны жалезныя, фігурныя. Быў забор драўляны. Ніхто не пралазіў праз яго — такі быў высокі”.
Пра высокую агароджу, якая была з чатырох бакоў на могілках, кованыя жалезныя вароты на ўваходзе, згадваюць і цяпер некаторыя веткаўчане. Пра яе расказваў Георгій Міхайлавіч Герасімаў у размове з Міхаілам Іванавічам Кавалёвым (М.І. Кавалёў да 1947 г. жыў у Ветцы, цяпер жыве ў Гомелі): “Там застаўся цэлы, як дуб, крыж такі… Белы, белага колеру. Паставіў яго чалавек сваёй жонцы. Памерла яго жонка маладой. У маладосці. Дык вось, ён зрабіў ёй помнік, і сабе, калі ўжо стары стаў. Сабе — так ён каравы дуб паставіў. І за свае грошы наша гэта кладбішча дубовым цёсам абставіў. Во такія во плахі, пласціны!.. А помніш яго да вайны? Яны стаялі.. Шулы закладвалі вот так і жалезнымі балтамі сцягівалі. Кругом было кладбішча абгароджана. За вайну — шы-і-іць! Да яго і да вайны пачалі ламаць. Іконы гарэлі… Касцёр возле маленнай гарэў, на Першамайскай вуліцы”. Міхаіл Іванавіч Кавалёў: “Ну, так перад самай вайной, у 1941 годзе на першы дзень Пасхі, гараднічы забор гарадзіў. А гэта ж вуліца… Усё ж старыя маскалі тут жывуць, ідуць, хрысцяцца. А, ета самае. Немцы прыйшлі, яго першага забралі. І яшчэ — 18 чалавек. Усіх расстралялі, і гараднічага … На кладбішчы пахавана мая бабка і цётка. Грабніц многа даўней было. Як яе не ўзарвалі — адна толькі засталася. Там жа былі і крыжы, такія красівыя. Ноччу чэкісты ўсё папаламалі.” (Паводле: “Экспедыцыйныя матэрыялы Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 106, с. 42. Запісаў А.В. Скідан 22.11. 2006 г.).
Марыя Іванаўна Клюева надзвычай прыгожа ўсміхаецца… Многа розных падзей адбылося ў яе жыцці — радасных і не вельмі. У свой час, працуючы ў Гомелі на фабрыцы “Спартак”, пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які таксама там працаваў. Звалі яго Леанід Рыгоравіч Клюеў, 1910 г.н., нарадзіўся ў Ветцы, у сям’і стараабрадцаў. Сама ж Марыя Іванаўна нарадзілася ў в. Галавінцы Гомельскага раёна. У сям’і Леаніда і Марыі Клюевых нарадзіліся двое дзяцей — Віктар і Любоў. Многія гады сям’я жыла ў ладзе ды згодзе. Марыя Іванаўна выхоўвала дзяцей, займалася хатняй гаспадаркай.
Гэткі лад жыцця сям’і Клюевых быў, напэўна, праяўленнем даўняй веткаўскай традыцыі, паводле якой строга падзялялася мужчынская і жаночая праца: “Вось у бацькі майго… Кажуць, дрэнна было жыць пры цару. Так дзед — той плаваў, бацькін бацька. Дзеўкі — не дай Бог, штоб работалі. Ты што, гэта ж — ганьба! Вы б паглядзелі, якія скацеркі ў хроснай былі… Вязалі, рабілі ўсё — рукадзелле. Зімой парусы шылі. Вось гэта забота была — парусы. Прама ў хаце шылі… Рассцілалі. І ўсё гэта ўручную шылася. Парусіна… І гэта ж не парус, а Парус! Тры парусы на ганчака ставілі, чатыры. Гэта ж колькі ў дзеда дзяцей было? Чацьвёра? Хлопцы работалі. Дзядзька плаваў, Іван плаваў. Тры хлопцы было і тры дзеўкі. Ну, хлопцы работалі. З бацькам плавалі. А дзеўкі — не… Божа ўпасі, каб у маскалёў, у стараабрадцаў дзеўкі работалі… Ой! Гэта ж усё — ніхто замуж не возьме. Яны так вось — па дому… Адзінае, што яны рабілі — зімой шылі парусы. Так было ў шкіперскіх (атаманскіх) сем’ях. (ЭМ Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Сш. 106, с. 40-41. Ад Кавалёва М.І., 1933 г. н., зап. 22. 11. 2006 г. А.В. Скідан, Д.В. Галкін).
Калі б запісаць успаміны пра мінулыя дні Марыі Іванаўны Клюевай ды іншых нашых доўгажыхароў, іх бы назбіралася, відаць, не на адну кнігу. У гэтыя перадсвяточныя навагоднія дні хочацца пажадаць ім здароўя, спакою і ладу, увагі дзяцей і унукаў, сустрэць яшчэ не адзін Новы год… Ды каб кожны з іх быў багаты на добрыя падзеі!
Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.