Пахаванне стралы адбылося ў Неглюбцы

“Ваджэнне і пахаванне стралы” — святочны абрад, які дайшоў да нас з глыбінь стагоддзяў, а можа, і тысячагоддзяў. З прыняццем хрысціянства на нашай зямлі яго пачалі праводзіць у адзін дзень з Узнясеннем Ісуса Хрыста.

У абрадзе звязаліся ў вузельчык многія ўяўленні аб сутнасці жыцця. Як заўсёды ў гэты дзень адбываецца размова паміж людзьмі, з’яднанымі ў грамаду, і вышэйшымі нябеснымі сіламі, тым самым узнаўляюцца старажытныя міфы.

Не толькі ў славян (да прыкладу, у арабаў) ёсць уяўленне: тое, што адбываецца ў дадзены момант, калісьці ўжо адбылося на нябёсах. Для таго, каб захаваць сусветны парадак, раўнавагу, людзі зноў і зноў паўтараюць, узнаўляюць гэтыя міфічныя падзеі ў рытуалах, містэрыях.

З цягам часу асобныя элементы рытуалаў (і, адпаведна, міфаў) знікалі, таму дайшлі да сённяшніх дзён у розным выглядзе. Многія з іх паўстаюць перад сучаснікамі як загадкі. Рэканструяваць міф, знайсці сэнс рытуальных дзеяў бывае часам зусім ня-проста. Напрыклад, як суаднесці, здавалася б, несумяшчальныя словы аб “Ваджэнні і пахаванні стралы”, выказаныя жанчынамі адной і той жа вёскі: “Радасць вялікая! Ад такой радасці нам плакаць хочацца!” і: “Вот шэсць нядзель ад Паскі, ета ўжо сённяшні дзень, як аплаківалі Ісуса Хрыста. У цэркві плакалі людзі, як плашчаніцу бацюшка накрываў. Вот шэсць нядзель ад Паскі — мы дзелаем гадаў-шчыну, Вазнясеніе Гасподняе… Ну, заплацілі ж за зямлю грошы. Адкупілі места ў Госпада Бога. Яно ж, жыта, будзе рэсць. Вот мерцвяца хаваюць, і тожа грошы даюць: “На табе золата і серабро, а мне ніхай будзе дабро!” «А ні аткупіш зямлі, значыць і ўсё будзе хадзіць за дабром за тым, пакуль не сцягне. Вот так і Богу стралу вядуць. Ета ж ціпер — грошы. А калісь не было грошай, і нясе: хто — занізачкі, хто што мог закапаць”. (Па словах А. Зуевай, в. Стаўбун.)

У наш час — час з’яўлення розных тэхнічных цудаў — у многіх людзей губляецца сувязь з зямлёй, адчуванне таго, што мы, людзі, усё ж такі дзеці маці-сырой Зямлі, хутчэй за ўсё, не самыя лепшыя, і, па-вялікаму, яе часовыя госці. Для нашых далёкіх продкаў яна ўяўлялася жывой істотай, яе абагаўлялі, абаранялі і, тым самым, зберагалі сябе. Шанавалі крыніцы, лясы, гаі, вучыліся размаўляць з агнём, кажучы словамі Анатоля Сыса, і …самі прыпадабняліся агню.

Доўгі час не было зразумела, чаму менавіта так — радамі, шчыльна ўзяўшыся за рукі, на працягу ўсяго шэсця, жанчыны вядуць стралу ў жыта? Відаць, такая хада лю-дзей мае свой асаблівы сэнс? І вось, эўрыка! Знайшоўся адказ: “У нас і водзяць стралу маланнёй, каб пажараў не было”, — сказалі аднойчы ў Казацкіх Балсунах. Магчыма, у далёкі пракаветны час перанялі людзі птушыны звычай: калі блізка да гнязда з яйкамі ці птушанятамі ходзіць чужы, бацькі-птушкі рознымі спосабамі стараюцца адвесці бяду як можна далей. Гэтак і жанчыны сваімі целамі, рухам шэсця “ствараюць” ці імітуюць маланку — жывы, святы, тым не менш, небяспечны для іх сем’яў нябесны агонь. Адводзяць яго далёка за вёску: “Вось там табе, страла, месца, “ляжы да налецейка”, — падкрэсліваюць пры гэтым у песнях:

Ой, ішла страла да ўздоўж сяла…

Ой, не ўбі, страла, добра молайца.

Па том молайцу некаму плакаць…

Спявалі “убіла страла добра молайца” у былой в. Закружжа Веткаўскага раёна.

Танцамі (танкамі) — на перакрыжаванні завулкаў з галоўнай вуліцай, у жыце жанчыны таксама звяртаюцца да вышэйшых бостваў. Карагод, танец, танок (па-украінску) — гэта ж своеасаблівая магічная мова. Можна толькі здзіўляцца багаццю танцавальных элементаў у розных народаў свету.

А ў Неглюбцы, Пералёўцы, Стаўбуне, Казацкіх Балсунах, Янова жанчыны рухам карагодаў малююць тое, аб чым просяць: няхай не перапыняецца жыццё, бясконцым будзе нараджэнне і працяг роду! Няхай сонца заўсёды свеціць над зямлёй!..

Калі карагод спыняецца, жанчыны падкідваюць уверх на руках дзяцей, якія сядзелі дагэтуль на зямлі падчас карагоду. Жанчыны пасля гэтага ідуць у жыта, закопваюць у зямлі дары, нешта адно: кавалачак хлеба, манеткі, жытнія каласы, пярсцёнкі, “булаўкі”, каляровыя стужкі, заколкі, грабеньчыкі. Пасля кожная качаецца на зямлі, менавіта на тым самым месцы, дзе яна закапала свой дар-ахвяру. Затым жанчыны зрываюць каласкі — 5, або 7, або 9, вяртаюцца ў вёску, ставяць іх за ікону, зноў жа, “каб пажару не было”.

Па вяртані спяваюць “граныя” песні, песні летняга цыкла — больш вясёлыя у параўнанні са “стрэльнымі”. Стрэльныя песні, па словах іх выканаўцаў, “дужа жаласлівыя”, трывожна-узнёслыя. Тым не менш, жанчыны называюць іх “шчаслівымі”.

Верагодна, у архаічныя часы ў дзень Ваджэння і пахавання стралы мелі месца чалавечыя ахвярапрынашэнні. “Страла” забівае “добра молайца”, паводле аднаго варыянта песні, і “не забівае”, паводле другога. Як вынікае з тэксту песні, “страла” — гэта ж самі людзі, што ідуць у жыта.

Варта сказаць, што, магчыма, такая смерць для канкрэтнага “добрага молайца”, (ці для дзяўчыны) — чалавека, якога прыносілі ў ахвяру, уяўлялася ганаровай, пачэснай. Ад яе залежыў лёс роду (ці племя), яго дабрабыт. “Добры мола-дзец” быў сапраўдны герой, падзвіжнік у сучасным разуменні гэтых слоў. Археолагі сцвярджаюць: калі паміраў знатны воін-язычнік, пры пахаванні побач з ім клалі розныя рэчы, якімі ён карыстаўся, а таксама “адпраўлялі” ў гэтае падарожжа яго каня і некаторых з жанок — для жыцця на тым свеце.

Калі ў Барталамееўцы “хавалі вясну”, то на жытнім полі ставілі маленькі тонкі драўляны крыжык. Месца пахавання стралы пазначаюць крыжам (в. Пералёўка): “Вот калі мы пракапаім зямлю так крэсцікам глыбока, на ўсход, у тую зямельку, на ляльку, кладзём і хлеба на трапачку. Хлеба і солі. Які-небудзь беленькі каленкорчык бярэш на трапачку, і туды. Туды кладзём хто што: ці заколку, ці грабеньчык, кладом і завязуім. Штоб жа ўраджай быў, памолімся Богу, папяём кругом. Па жыці паходзім, памолімся Богу, штоб Бог даў нам харошы ўраджай. Ну, і после етага мы не пяём болей. Нельзя ўжо пець”. (Па словах Е. Мельнікавай, В. Машкоўскай, Г. Лукашовай, в. Пералёўка.)

У дзень Ваджэння і пахавання стралы у в. Навілаўка, Фёдараўка жанчыны закопвалі ў зямлю невялікую ляльку, зробленую з кавалачкаў тканіны, у картоннай каробцы — гробіку. Казалі пры гэтым: “Плачым па ёй, як па пакойніку”. Лялька ляжала ў зямлі год, аж да Благавешчання. Яе раскапвалі, кавалкі тканіны раскідвалі непадалёк, побач распальвалі вогнішча. У былой в. Беседзь Веткаўскага раёна ляльку, перад тым як закапаць, абкладвалі зверху і знізу карой дуба, асіны.

“Страла” — дзевачка называіцца. Дзевачку закапалі”, — расказвалі ў в. Верхлічы Краснагорскага раёна на Браншчыне. У гэтай вёсцы ляльку, зробленую з травы, пахавалі на могілках на месцы былой капліцы.

У дзень Ваджэння і пахавання стралы жанчыны спяваюць песні, у якіх паўтараюцца “лёлюшкі” у розных варыянтах:

Каліна ў кружку, э-э-эй, ай-лё-лі лё-лі,

Каліна ў кружку… у-у-у!!! (Пералёўка.)

Магчыма, падчас Пахавання стралы прыносілі ў ахвяру калі не “добра молайца”, дык маладую дзяўчыну — Лялю. Дзень 5 мая вядомы ў беларускім народным календары як Ляльнік. У абрадзе, апісаным у мінулым стагоддзі, дзяўчаты выбіралі паміж сябе Лялю. Яе апраналі ў доўгі белы саван, упрыгожвалі травамі і кветкамі, садзілі на дзярновую лаўку сярод чыстага лугу. Тут жа ставілі глёк з малаком, смятану, клалі яйкі, масла, сыр, хлеб. Дзяўчаты прасілі Лялю:

Дай нам жытцу, Да пшаніцу,

У агародзе — сенажаць.

У песні, звернутай да дзяўчыны, дзяўчаты штораз паўтаралі яе імя: “Ляля, Ляля, наша Ляля!”

Аднак, нягледзячы на такія, здавалася б, жорсткія акалічнасці абрад “Ваджэння і пахавання стралы” застаецца адным з самых чаканых і любімых у вяскоўцаў: “І Паска — таржэсцвянны празнік, ну во ета празнік — таржэсцвянней яго няма, патаму што мы праводзім — Бог ідзе на небяса!” (Па словах А. Зуевай, в. Стаўбун.)

У наш час адбылося атаясамленне ахвяраў стралы — “добра молайца” або дзяўчыны з Ісусам Хрыстом:

Ой, между гор, между гор, між даліначак

Ляжала цела, цела белае, ох-лё, цела белае.

Ніхто к целечку не прыступіцца, не прывернецца,

Ох-лё, не прывернецца.

Прыступілася Маць Прачыстая,

Узяла цела на свае ручкі, пад белы плечкі,

Панясла цела дай да цэркаўкі,

Ох-лё, дай да цэркаўкі.

Усе ж дзверачкі растварыліся,

Усе ладуны загарэліся,

Маць Прачыстая ўзвесялілася.

У дзень, калі праводзяць абрад, рытуальнымі дзеямі жанчыны ўзнаўляюць старажытны балта-славянскі міф аб свяшчэнным шлюбе Зямлі і Неба. Лічыцца: у гэты дзень абавязкова павінен пайсці дождж: “Ну, калі ж дождж ішоў, людзі ж плакалі. Маладыя, мы йдом, а старушкі сядзяць каля двароў да й плачаць… Бывала, і дождж ідзець. Мы йдом, ён ліў, а тады перастаў”. (Па словах А. Зуевай, в. Стаўбун.)

У “Ваджэнні і пахаванні стралы” прысутнічае вясельная пара — Зямля і Неба ў вобразах “пана” і “паненкі” (в. Барталамееўка), “мужыка з бабай” (в. Пыхань), “старца з малодкай” (в. Неглюбка). Яны — вясёлыя, часам — камічныя. Аднак аблічча “пана”, “мужыка” і “старца” прымае па-мужчынску апранутая жанчына: “Старцу — натопчуць чулок і сперадзі прывяжуць (в. Неглюбка). “Старцы — дзелаюць жэншчыну мужчынай, і жэншчыну — бабай. Па дарозе прычудзьваюць: грязные, у сажу вымазаныя, ідуць з цапкамі… Пойдуць стралу хаваць у жыта, па пашне… Столькі песян было — зямлі не відна!” (Па словах Е. Чварковай, пас. Ляда.)

28 мая многія жыхары Веткаўшчыны, а таксама нашы госці “вадзілі і хавалі стралу”. Гэты ўзнёслы абрад прыносіць святло, радасць, адчуванне спакою і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Сапраўды, як сказаў аднойчы беларускі паэт Анатоль Сыс: “Пахаванне стралы” — гэта “нараджэнне стралы”!”

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.