Напярэдадні свята Крышчэння ў чарговы раз узгадаліся працяглыя чэргі да бочак са свяцонай вадой і падумалася, што і сёлета будзе тое самае, што і кожны год: цяга людзей прыдбаць порцыю святыні, каб дацягнуць да наступнага разу. Быццам гэта нейкая дармавая мікстура, якая пры добрым раскладзе ратуе ад усялякай трасцы. Таму і бяруць людзі столькі вадзіцы, колькі здолеюць данесці…
Даруйце, што я гэтак завастраю сітуацыю, але далібог нікога не хачу пакрыўдзіць. Толькі ўзгадаю тое, што за вонкаваю абалонкаю крышчэнскага вадасвяцця стаіць дзівосны таямнічы свет хрысціянства, які да нашай прагі не мае ніякага дачынення. Чаму мы акцэнтуем увагу выключна на бочцы з вадою? Чаму не заўважаем Хрыста, які сам з’яўляецца крыніцаю вады жывой? Мы так далёка адыйшлі ад сапраўднага разумення хрысціянскіх святаў, што цяпер здольныя ўспрыняць толькі абрад, які дае нейкую выгаду. Але ў хрысціянстве ўсё грунтуецца толькі на Хрысце. Гэта і ёсць цвёрдае аснаванне праваслаўнай веры.
Дарэчы, свята, якое будзе святкаваць наша Царква 19 студзеня, ў каляндары пазначана як Святое Богаяўленне, а Крышчэнне — гэта адзін з важнейшых момантаў Богаяўлення, і той, хто можа ўзгадаць ікону гэтага свята, памятае, што асабліва вылучаюцца там дзве постаці: Хрыста, які стаіць у рачной плыні, і прарока Іаана, што ўзносіць над ім руку. Што адбываецца між гэтымі людзьмі? Завесу таямніцы нам прыадчыняе Евангелле. Ва ўсіх чатырох кнігах апісана гэта падзея. Гэта сапраўды з’яўляецца зыходным у служэнні Хрыста як Збавіцеля.
Мінулі гады дзяцінства і юнацтва, навучанне наймудрасцям юдэйскага закону — дасягнуўшы трыццацігадовага ўзросту, мужчына лічыўся цалкам паўналетнім і дапускаўся не толькі да вучобы, але і да настаўніцтва. Таму Хрыстос пачынае ўласны шлях не як грэчаскі філосаф ці персідскі дэрвіш, самастойна выкладаючы суму метафізічных ці эзатэрычных ведаў, а як настаўнік юдэйскага закону, у якім бачыць не самадастатковую вялічыню, а лесвіцу для ўзыходжання да Бога. Хрыстос дбае пра чалавека, які забыўся на Бога. Для чалавека Хрыстос і прыходзіць на Іардан. У той час там адбывалася незвычайная падзея: прарок Іаан заклікаў людзей акунацца ў рачную плынь тым самым змываючы з сябе грахі. Але рака не здольная змыць з чалавечага сэрца хцівасць, зайздрасць, гнеў, пажаду — ад гэтага чалавек павінен быў адмовіцца сам, вада толькі сімвалічна падцвярджала ачышчэнне. Ды і гэта адбывалася неназаўсёды. Мы па сабе ведаем: як толькі прамільгне радасная светлая думка, адразу яе захінаюць сотні невясёлых роспачных дум, і падаецца, што вызваленне ад іх не пад сілу чалавеку. Іаан Прадцеча, адбываючы рытуал ачышчальнага амавення, чакаў, калі прыйдзе Той, Хто дасць чалавеку сілу, аднойчы амыўшыся, назаўжды адмовіцца ад цёмных дум і спраў. І вось Ён прыходзіць…
Той, хто бачыў калісь знакамітую карціну Аляксандра Іванава “Яўленне Хрыста народу”, ведае, што Хрыста там вельмі няпроста знайсці. Куды бліжэй і выразней да гледача постаці фарысеяў, жабракоў, калекаў. А Ісус з’яўляецца на самым дальнім плане карціны. Прарок указвае на яго абедзьвума рукамі, а на Хрыста ніхто не глядзіць. Ці не так адбываецца ў цяперашнім жыцці, як колісь паказаў нам геніяльны рускі мастак? Хрыстова месца, калі яно і ёсць у чалавечым сэрцы, — самае дальняе, самае глухое.<
Цікава, што Хрыстос аб сабе нічога не гаворыць, ён не б’е кулаком у грудзі, не робіць з сябе аўтарытэта. Ён чакае слова прарока. І прарок падцвярджае, што прыйшоў Мацнейшы, у якога ён, Іаан, няварты развязаць рамень абутку. І Хрыстос уваходзіць у Іардан, як да яго ўваходзілі тысячы суайчыннікаў. Ці патрэбна было Богачалавеку амавенне ад грахоў? Безумоўна, не (бо прырода Хрыстова не трывала граху). Але, як пішуць святыя айцы, гэтым учынкам Ісус падцвердзіў дзейснасць Іаанава амавення і сваёй чысцінёй, святасцю ачысціў іарданскія воды, увайшоўшы ў іх, і прыняў на сябе той бруд, той цяжар, які неслі гэтыя воды, толькі гэта была не фізічная, а духоўная забруджанасць.
У гэты момант адбываецца падзея, якая дазваляе лічыць гэты эпізод Богаяўленнем — з нябёсаў раздаецца голас: “Ты Сын Мой Улюблёны…” Чый гэта голас, як не голас Айца. І Дух Святы, быццам голуб (евангелісты выкарыстоўваюць фразы, якія ўказваюць на ўмоўнае падабенства акта зыходжання Духа з птушкаю), разам са сведчаннем Айца злучыўся з Ісусам. Богаяўленне — гэта заўжды таямніца. І нават словамі прарокаў гэта не перадасі. Дапамагаюць спасцігнуць Босскае адкравенне традыцыі хрысціянскага жыцця, якія не толькі збіраюцца і перадаюцца, але і паўтараюцца, таму свята Богаяўлення — адзін з такіх вузельчыкаў царкоўнай памяці, які не мае ні часавых, ні тэрытарыяльных межаў.
А што тычыцца воднага амавення, дык яно засталося ў Царкве назаўжды. Грэчаскі дзеяслоў “бапціза”, што азначае “пагружэнне, амавенне”, на царкоўнаславянскую мову быў перакладзены з хрысціянскай як “падкладка” — крышчэнне. У вопыце ранняй Царквы да гэтага моманту адносіліся надзвычай сур’ёзна. Ажно да VІ ст. перад тым як увайсці ў крышчальную купелю (аналаг іарданскай плыні), чалавека рыхтавалі ад некалькіх месяцаў да некалькіх год. Не дзіва, што раней хрысціяне ведалі цану свайму свядомаму выбару: іх жыццё не падзялялася на царкоўнае, працоўнае і сямейнае, а было цалкам хрысціянскім на любым сваім адрэзку.
А каб рэабілітавацца ў сваім эпітэце да свяцонай вады, прывяду прыклад любай мне традыцыі вернікаў са Старога Сяла. Бабулі збіраюцца ў хату, дзе стаіць вясковая святыня — ікона-свяча, — і адпраўляюць службу належным чынам. Пасля гэтага свяшчэннік адбывае вадасвятны малебен: тут жа, у хаце, стаяць бутлі, слоікі, біклагі. І гэта адбываецца не толькі на Крышчэнне, але пераважана на ўсе вялікія святы, бо чалавеку ўласціва жаданне заўжды жыць у прасторы святасці і чысціні…
Няхай будзе святым і чыстым плён зямлі і рук чалавечых: вада, кулідкі, яблыкі, мёд. Але гэта чысціня не адбудзецца без нашай малітвы, без нашага прадстаўлення перад Богам, без нашай веры ва Хрыста, іначай мы будзем набіраць чужую святыню на сваю патрэбу.
Андрэй СКІДАН, навуковы супрацоўнік ВМНТ.
Предыдущее сообщение
Следующее сообщение