У Ветцы прайшла «Ноч музеяў»

Амаль дзесяць год, як Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава далучыўся да міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, яго супрацоўнікі імкнуцца здзівіць жыхароў Веткі. Але дарэмна. Зацікаўленнасць да музейных акцый у гэты дзень альбо ноч у асноўным праяўляюць настаўнікі і іх дзеці.

Тым не менш і ў гэтым годзе 17-18 мая музей прадставіў цікавую, на розны ўзрост, праграму. Яе сэнсавую аснову склаў дэвіз заснавальніка музея веткаўчаніна Фёдара Рыгоравіча Шклярава: “Ветка — жизнь, счастье, Родина моя!» Гэтыя словы ён выразаў на драўляных варотах, што ўпрыгожваюць музей і з’яўляюцца яго своеасаблівай візітоўкай.

У гэтыя дні, згодна з агульнаеўрапейскай традыцыяй, дзверы музея і яго філіяла ў Гомелі былі адчыненыя для бесплатнага наведвання экспазіцый да позняга вечара.

У Ветцы 17 мая для навучэнцаў школ была распрацаваная гульня-квэст «Шляхамі Шклярава» на аснове партрэта Фёдара Рыгоравіча ў яго майстэрні, што сустракае наведвальнікаў музея пры ўваходзе. Дарэчы, карціну намаляваў яшчэ да заснавання музея ў 1975 годзе сябра Шклярава мастак Алесь Цыркуноў і падараваў музею ў 1990 годзе. Некаторыя прадметы, адлюстраваныя на карціне, дзецям прапанавалі знайсці ў экспазіцыях музея і даведацца пра іх сэнс і назначэнне.

— У гэты дзень мы дазволілі наведвальнікам пабыць у святая святых нашага музея — у рэстаўрацыйнай майстэрні, куды звычайна ўваход забаронены, і ўвачавідкі паназіраць, як аднаўляюцца знакамітыя веткаўскія іконы, як рэстаўруецца кераміка, — даў каментар дырэктар музея Пётр Цалка. Кіраўнік установы дадаў, што ў гэтым годзе супрацоўнікі музея паспрабавалі «расшырыць» прастору музея. Дзеля гэтага для наведвальнікаў быў адкрыты музейны дворык па-за знакамітымі разьбянымі варотамі музея як новая арт-прастора, дзе змясціліся рэпрадукцый карцін Ф. Шклярава. Вечарам таго ж дня ў музейным дворыку былі выстаўленыя лепшыя малюнкі юных веткаўчан, якія ўдзельнічалі ў аб’яўленым раней музейным конкурсе. Пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў вучні малявалі Ветку — якой яны бачаць і яе ўспрымаюць. Завершыўся вечар музыкай і танцамі заходнееўрапейскага сярэднявечча, што адраджаюць група Кaramor и школа танцаў «Бельфіорэ».

Ад знакамітых драўляных варот музея днём для школьнікаў была арганізавана і экскурсія па вуліцах Веткі ў накірунку знакамітага веткаўскага «церамка» — прыгожа аздобленага драўлянай разьбой дома, дзе некалі жыў і займаўся творчасцю Фёдар Шкляраў.

Значна актыўней да музейнай акцыі далучыліся жыхары і госці Гомеля — у філіяле да поўнага заходу сонца было мнагалюдна. Мерапрыемствы былі прымеркаваныя да 20-годдзя з моманту ўтварэння філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі. Сам такі факт — унікальная з’ява: калі раённы музей адчыняе філіял у абласным цэнтры! На свята былі запрошаныя ўсе сябры музея, якія мелі дачыненне да яго адкрыцця і папулярызацыі.

Асноўны ўхіл на «Ночы музеяў» у Гомелі быў зроблены на дзіцячую адукацыйна-пазнаваўчую праграму. Для юных наведвальнікаў быў падрыхтаваны шэраг майстар-класаў па ткацтву, ганчарству, выцінанцы, стварэнню абярэжнай лялькі, разьбе па дрэве, роспісу веткаўскай буквіцы. Нават можна было паспрабаваць сябе ў якасці каваля.

Творчую атмасферу стваралі музыкі, танцоры, у тым ліку жанчыны з гурта «Стаўбунскія вячоркі», мастакі, рамеснікі і ўсе зацікаўленыя ў развіцці нашай гісторыі і культуры людзі.

Наталля ЦІТУШКІНА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.